Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здрабні́цца, здробніцца; зак.

Скрышыцца, стаць дробным.

здрабні́ць, здрабню, здробніш, здробніць; зак., што.

1. Зрабіць дробным, драбнейшым. Здрабніць сілас.

2. перан. Зрабіць менш значным, менш істотным. Здрабніць ідэйны замысел твора.

здрабня́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да здрабняць.

здрабня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да здрабніць.

здра́віца, ‑ы, ж.

Тост за здароўе; кароткая прамова з пажаданнем здароўя. Здравіца ў гонар пераможцаў.

здра́да, ‑ы, М ‑дзе, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 1 знач.); вераломства. А калі б я парушыў прысягу, Гнеў сяброў хай мяне не міне, Хай ад рук партызанаў я лягу, Пакарайце за здраду мяне. Астрэйка.

2. Дзеянне паводле дзеясл. здраджваць — здрадзіць (у 2 знач.). Здрада ідэалам. □ Як самае нікчэмнае падзенне, народная мудрасць асуджае здраду звычаям свайго народа. Шкраба. // Парушэнне сямейнай вернасці, вернасці ў каханні. Урэшце рэшт скончылася тым, што дзяўчына знайшла больш уважлівага хлопца і вышла замуж. Андрэй балюча перажываў здраду. Шамякін.

здра́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здрадзіць.

здра́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каму-чаму.

1. Перайсці на бок ворага; прадаць (у 2 знач.). Народ цябе, як брата, прыме, Калі Радзіму ты любіў, Калі не здрадзіў ты Радзіме. Буйло. Саша ўзненавідзела свайго брата, калі ёй здалося, што той здрадзіў і прадаўся фашыстам. Кучар.

2. Парушыць вернасць каму‑, чаму‑н. Як лёгка ісці, калі наперадзе крочыць чалавек, якому ты верыш ва ўсім, які ніколі не здрадзіць. Савіцкі. Так упершыню ў той дзень Адам здрадзіў кухару і стаў вучнем барадатага шаўца. Нядзведскі. // Парушыць сямейную вернасць, вернасць у каханні. Я хачу не згубы, Толькі крыху радасці Ды каб тая, любая, Да пары не здрадзіла!.. Лявонны.

3. перан. Перастаць дзейнічаць, праяўляцца, служыць каму‑н. Платон анямеў; ногі здрадзілі, і ён ухапіўся аберуч за край мучной скрыні. Ракітны. // Рэзка змяніцца (пра псіхічны стан чалавека). Спакой здрадзіў жанчыне: яна амаль скочыла да стала, схапіла таямнічы канверт, дрыжачымі рукамі выхапіла з яго, як з агню, пісьмо. Шамякін.

•••

Здрадзіць сабе — зрабіць што‑н. насуперак сваім перакананням.

здра́длівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць здрадлівага. У галаву назойліва лезуць розныя недарэчныя гісторыі аб жаночай нявернасці, здрадлівасці. Шамякін.

здра́длівы, ‑ая, ‑ае.

1. Які заключае ў сабе здраду, з’яўляецца здрадай. Здрадлівы ўчынак. // перан. Які выдае тое, што хацелася б утаіць. Здрадлівая ўсмешка. □ Па светламу твару Колышава распаўзлася здрадлівая чырвань. Мележ.

2. Які можа здрадзіць; прадажны, вераломны. [Ворагам] удаецца мець уплыў толькі на здрадлівых і нікчэмных людзей. Хведаровіч. // Такі, на які нельга спадзявацца; падманлівы, ненадзейны. Прыкованы вочы, увага мільёнаў Да лагера Шміта на здрадлівым лёдзе. Колас.