Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гурма́н, ‑а, м.

Любіцель і знаток далікатных страў. За сталом Элінора пераканалася, што муж яе сапраўдны гурман. Лынькоў.

[Фр. gourmand.]

гурма́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да гурман.

гурма́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы гурману; такі, як у гурмана. Гурманскі густ.

гурма́нства, ‑а, н.

Схільнасць да далікатных страў.

гурт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Натоўп, група людзей. [Сцяпан] убачыў на дарозе вялікі гурт дзяўчат-жней, якія вярталіся з поля. Шамякін. Гурт дзяцей вясёлых На урок спяшаецца, Леніну ля школы Кажа: — Добрай раніцы! Карызна.

2. Статак буйной рагатай жывёлы, авечак, чарада птушак і пад. У стэпе шэрым, дзе прайшлі дажджы, Гурты авечак шэрых, як аблокі. Калачынскі. Дзяўчына белакурая Гусіны гурт пасе. Хведаровіч. // Група якіх‑н. аднародных прадметаў. Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і калі хавалася сонца, было холадна, праймаў вецер да касцей. Гурскі. Гурт грыбоў Перапялёсых Сеў ля пнёў, Імхом аброслых. Калачынскі.

3. у знач. прысл. гу́ртам. Сумесна, групай; усе разам. Хлапчукі гуртам узяліся цягнуць лодку да берага. Дуброўскі.

[Польск. hurt.]

гуртава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гуртаваць і гуртавацца.

гуртава́цца, ‑туецца; незак.

1. Збірацца ў гурт (у 1 знач.). Да вакзалу падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. // Групавацца, канцэнтравацца. Часці рыхтаваліся да атакі і гуртаваліся ў бярозавым гаі. Шамякін.

2. перан. Аб’ядноўвацца, збліжацца на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Вакол Алёнкі гуртавалася больш моладзь новага кірунку, моладзь .., любіўшая кнігу. Колас.

3. Зал. да гуртаваць.

гуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., каго-што.

1. Збіраць у гурт; групаваць, канцэнтраваць. — А ваш, таварышы, абавязак — шырыць, развіваць паўстанне, збіраць народ, гуртаваць яго ў баявыя групы. Колас. Камуністы ў лясным гушчары палкі партызан гуртавалі. Ставер.

2. перан. Аб’ядноўваць, збліжаць на аснове адзінства поглядаў, сумесных дзеянняў. Трэба, трэба, пясняр, Песню гэткую даць, Каб яна памагла Сілы нам гуртаваць. Танк. Родным словам мы грознай парою Гуртавалі рады змагароў. Гілевіч.

гуртавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Агульны, сумесны. Гуртавая праца.

2. Звязаны з гуртам (у 2 знач). Гуртавы даглядчык.

гуртаўшчы́к, ‑а, м.

1. Паганяты гурта, работнік пры гурце жывёлы.

2. Уст. Уладальнік гурта (гуртоў), які гандляваў жывёлай.