гурт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Натоўп, група людзей. [Сцяпан] убачыў на дарозе вялікі гурт дзяўчат-жней, якія вярталіся з поля. Шамякін. Гурт дзяцей вясёлых На урок спяшаецца, Леніну ля школы Кажа: — Добрай раніцы! Карызна.

2. Статак буйной рагатай жывёлы, авечак, чарада птушак і пад. У стэпе шэрым, дзе прайшлі дажджы, Гурты авечак шэрых, як аблокі. Калачынскі. Дзяўчына белакурая Гусіны гурт пасе. Хведаровіч. // Група якіх‑н. аднародных прадметаў. Па небе наперагонкі беглі шэрыя хмары, збіраліся ў гурт, і калі хавалася сонца, было холадна, праймаў вецер да касцей. Гурскі. Гурт грыбоў Перапялёсых Сеў ля пнёў, Імхом аброслых. Калачынскі.

3. у знач. прысл. гуртам. Сумесна, групай; усе разам. Хлапчукі гуртам узяліся цягнуць лодку да берага. Дуброўскі.

[Польск. hurt.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)