шыракалі́сты, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокае лісце. Пад шыракалістымі клёнамі, на лаўцы, насупраць будынка Музея Янкі Купалы, сядзяць старажылы-мінчане. Хведаровіч. Там, дзе вада спадала, прабівалася і жаўцела буйная шыракалістая лотаць. Колас.
шыракало́бы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі лоб. Праз хвілін колькі ў пакой увайшоў строгі мужчына, высокі, шыракалобы, з касмылямі шэрых валасоў на палыселай галаве. Дуброўскі.
шыракано́ска, ‑і, ДМ ‑носцы; Р мн. ‑носак; ж.
Вадаплаўная птушка падсямейства качак, якая мае доўгую расшыраную на канцы дзюбу. Аб гнездаванні шыраканоскі на тэрыторыі Палесся можна меркаваць па экспанатах яе яек, што захоўваюцца ў Пінскім музеі. «Весці».
шыракано́сы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае шырокі нос. Было смешна глядзець на адзеравянелы шыраканосы твар Яўмена і па-блазенску невінаватыя вочы ката. Асіпенка.
2. Разм. З шырокім носам, наском. Шыраканосыя чаравікі.
•••
Шыраканосыя малпы — назва групы прыматаў.
шыракапле́чы, ‑ая, ‑ае.
Шырокі ў плячах. У пакой ускочылі два салдаты, высакарослыя і шыракаплечыя. М. Ткачоў. Неяк падвечар на парозе сянец з’явілася шыракаплечая постаць Івана Іванавіча. Даніленка.
шыракапо́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія полы. [Незнаёмы] з’яўляўся на сцэну ў доўгім чорным палітоне і шыракаполым капелюшы. Рамановіч.
шыракара́дны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Звязаны з прымяненнем шырокіх міжрадкоўяў пры сяўбе некаторых сельскагаспадарчых культур. Шыракарадная сяўба. // Прызначаны для такой сяўбы. Шыракарадныя сеялкі.
шыракаро́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі рот. Пакуль той, вялы, сабраўся з адказам, у гутарку іх умяшаўся другі, .. шыракароты, у чырвоным чэшскім галіфэ. Брыль.
шыракаску́лы, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокія скулы. Гэта сапраўды быў Дрозд — шыракаскулы, са смяшлівымі вачыма. Хомчанка. / у знач. наз. шыракаску́лы, ‑ага, м. — Няўжо так і не помніш? Хе-хе-хе! — засмяяўся шыракаскулы. Сіняўскі.
шыракатва́ры, ‑ая, ‑ае.
Які мае шырокі твар. Каржакаваты, шыракатвары Смірноў спакойна крочыць побач. Навуменка. У вызначаным месцы Валодзю чакаў Сяргееў з прысадзістым шыракатварым хлопцам. Федасеенка.