Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

часа́нне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. часаць ​1 (у 1, 2 знач.).

часа́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. часаць ​2.

часану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да часаць ​1 (у 1, 3 знач.).

часа́ны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад часаць ​1 (у 1, 2 знач.).

2. у знач. прым. Апрацаваны часаннем ​1. Часаны лён.

часа́ны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад часаць ​2.

2. у знач. прым. Апрацаваны часаннем ​2. Свіран з часанага бруса.

часасло́ў, ‑лова, м.

Праваслаўная царкоўная кніга з тэкстамі для штодзённых песнапенняў або службаў (у мінулым па гэтай кнізе вучылі і грамаце). У Рагазіне калі што і можна было дапасці пачытаць, дык хіба толькі біблію або часаслоў. Сабаленка.

часа́цца 1, чашуся, чэшашся, чэшацца; незак.

1. Расчэсваць валасы; прычэсвацца.

2. Зал. да часаць ​1 (у 1, 2 знач.).

часа́цца 2, чэшацца; незак.

Зал. да часаць ​2.

часа́ць 1, чашу, чэшаш, чэша; незак.

1. што. Распраўляць, прыгладжваць валасы пры дапамозе грэбеня; прыводзіць у парадак валасы. Часаць валасы. □ Каса ж мая, косачка, каса русая, Часала я косачку дзевятнаццаць год, Прайграла я косачку ў адзін вечарок. З нар.

2. што. Ачышчаць лён, пяньку ад кастрыцы пры дапамозе грэбеня. Часаць лён. □ Ганна і сапраўды нагнулася пад тапчан, дастала адтуль драўляны грэбень, якім чэшуць кудзелю. Чыгрынаў. // Расчэсваць воўну на ваўначосцы. Не толькі з Багульнікаў, а і з суседніх вёсак людзі неслі і везлі часаць воўну і валіць сукно. Сабаленка.

3. Разм. Энергічна, старанна рабіць што‑н. (звычайна бегчы, танцаваць і пад.). У доўгай зрэбнай кашулі, без шапкі, .. [дзядуля] бойка чэша басанож па асфальце, прыстуквае кіёчкам, і вецер варушыць яго белыя касмылі. Ракітны. Гарэзна пляскаючы ў ладкі, Дзяўчына лёгка стан нясе, А хлопец чэша ўпрысядкі, Ваўчком крутнуўся на назе. Гаўрусёў. // Бойка гаварыць. «Бач, як чэша, быццам акадэміі прайшоў», — здзіўлена падумаў Аляксей. Новікаў.

4. перан.; што. Пільна абшукваць або прастрэльваць якую‑н. мясцовасць; прачэсваць. — Б’юць наўздагад. Лес «чэшуць», — прыслухаўшыся, абвясціў Крамнёў. Шашкоў.

•••

Часаць язык (языком, языкі, зубы) — пляткарыць, балбатаць.

часа́ць 2, чашу, чэшаш, чэша; незак., што.

1. і без дап. Секучы ўздоўж, здымаць паверхневы слой дрэва або каменя, каб выраўнаваць або надаць патрэбную форму. Часаць бярвенне. □ Ля кузні былі відаць белыя стужкі — там удзень Падбярэцкі часаў клён на абады. Пташнікаў. Будаўнічая брыгада — Габлюе, Чэша, Крые дах, Даводзіць вокны, Столь да ладу. Корбан.

2. што. Вырабляць з дрэва, каменя, апрацоўваючы такім чынам; вычэсваць. Даніла справаю заняты — На сані чэша капылы. Колас.

•••

Хоць кол на галаве чашы каму — пра ўпартага, няўступчывага чалавека, які стаіць на сваім, не паддаецца ўгаворам.

часі́на, ‑ы, ж.

1. Час, пара, момант. Хвала табе, слаўная часіна наваселля, часіна спадзяванняў і мар!.. Мележ. Настала часіна, калі кожнаму захацелася пабыць з самім сабою. Скрыган.

2. Высок. Прамежак часу, які вызначаецца чым‑н. важным, адметным. Я рад, што нарадзіўся ў бурлівую часіну грамадзянскай вайны і рэвалюцыі. Грамовіч. Светлай прыждалі часіны. Пілы, сякеры бяры, На папялішчах-руінах Новыя ўстануць муры. А. Александровіч.

3. Кароткі адрэзак часу. [Стары] падумаў нават, што няблага было б прылегчы на часіну адпачыць... Брыль. Пагуляць — смела адкладай, а зрабіць — і на часіну не адкладай. З нар.

часно́к, ‑наку, м.

1. Агароднінная расліна сямейства лілейных з ядомай цыбулінай, якая мае востры смак і рэзкі характэрны пах. Пасярод сумётаў-горак Зелянее многа град. Тут — цыбуля, памідоры, Морква, рэпа і салат, І капуста, і гуркі, І часнок, і буракі. Муравейка.

2. зб. Ядомыя цыбуліны гэтай расліны.

•••

Як (нібы) часнок — роўны і белы (пра зубы).

часно́чнік, ‑а, м.

Шапкавы грыб сямейства радоўкавых з рэзкім пахам і смакам часнаку.

часно́чніца, ‑ы, ж.

Земнаводная жывёліна, падобная да рапухі ці жабы.