чалавекалю́б, ‑а, м.
Кніжн. Тое, што і чалавекалюбец. Вялікі чалавекалюб, цярплівы настаўнік, .. [Радзевіч] натхняў нас на творчыя пошукі. Рамановіч. Ядвігін Ш. — вялікі чалавекалюб. Чыгрын.
чалавекалю́бец, ‑бца, м.
Кніжн. Той, хто любіць людзей; гуманіст.
чалавекалюбі́вы, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Той, хто любіць людзей, прасякнуты чалавекалюбствам; гуманны.
чалавекалю́бны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Тое, што і чалавекалюбівы. Усімі сваімі патрыятычнымі, чалавекалюбнымі вершамі.. [М. Багдановіч] ужо паказаў нам прычыны нядолі роднага краю. Лойка. Хіба не трагічна, калі вялікія сыны народа, шчодра надзеленыя дапытлівым аналітычным розумам і чулай, чалавекалюбнай душою, вымушаны былі служыць чужой культуры. Майхровіч.
чалавекалю́бства, ‑а, н.
Кніжн. Любоў да людзей, чалавецтва; гуманнасць. Гуманізм, чалавекалюбства — неад’емная якасць савецкіх людзей. Кудраўцаў.
чалавеканенаві́снік, ‑а, м.
Кніжн. Той, хто ненавідзіць людзей. Тупыя расісты, чалавеканенавіснікі пачыналі з тэрору, з масавых забойстваў. Шамякін.
чалавеканенаві́сніцкі, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Уласцівы чалавеканенавісніку; прасякнуты нянавісцю да людзей, чалавецтва. А побач з гэтым вынікалі чарнасоценныя манархічныя саюзы. На паверхню ўсплывалі такія імёны, як Дубровы, Булацаль, Грынгмут, Пурышкевіч і іншыя людскія пацяробкі. Ім была дана поўная свабода ў іх чалавеканенавісніцкай дзейнасці і агітацыі за цара, за прастол і «ісконныя ўстоі» царскага самаўладства. Колас. На ўзбраенні неафашыстаў усё тая ж .. чалавеканенавісніцкая расавая «тэорыя», звярыны шавінізм і нацыяналізм. Гурскі.
чалавеканенаві́сніцтва, ‑а, н.
Кніжн. Нянавісць да людзей, да чалавецтва. Наказ ваеннай і маральнай перамогі свету сацыялізма і дэмакратыі над светам фашызму і чалавеканенавісніцтва і складае змест, сутнасць аповесці [І. Шамякіна «Помста»]. Дзюбайла.
чалавекападо́бны, ‑ая, ‑ае.
Падобны на чалавека; які нагадвае чалавека.
•••
Чалавекападобныя малпы гл. малпа.
чалаве́ка-гадзі́на, ‑ы, ж.
Спец. Адзінка ўліку рабочага часу, якая вымяраецца колькасцю працы, выкананай адным чалавекам за адну гадзіну.