цяплі́ць, цяплю, цепліш, цепліць; незак., каго-што.
Абаграваць якое‑н. памяшканне, палячы ў печы або раскладаючы агонь. У пятніцу пасля абеду аканом загадаў цяпліць лазню для мужчын. Чарнышэвіч. // перан. Рабіць мякчэйшым, ласкавым; саграваць (душу, сэрца). Вятрыска па вокнах снегам Хвастаў, замятаў шашу. А тут было ўтульна ад смеху — Таго, што так цепліць душу! Арочка.
цяплі́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да цяпліцы. Цяплічная гаспадарка. // Вырашчаны ў цяпліцы. Цяплічныя агуркі.
2. перан. Спешчаны, распешчаны; які ахоўваецца кім‑, чым‑н. ад цяжкасцей. Цяплічныя дзеці.
цяпло́, ‑а, н.
1. Тое, што і цеплата (у 1 знач.). Баланс цяпла на Зямлі.
2. Высокая тэмпература чаго‑н.; нагрэтае паветра, якое выходзіць ад гарачага ці нагрэтага прадмета. Цяплом дыхнуў лагодны вецер. Колас. Дзень быў ясны, трохі нават гарачы, ад чыстага асфальту патыхала цяплом. Кулакоўскі. Аляксей усё адчуваў цяпло маленькай Юльчынай рукі. Даніленка.
3. Цёплае надвор’е, цёплая пара года. Стаіць цяпло. □ Пакуль цяпло, то сцены можна было б скідаць. Лобан.
4. Цёплае асяроддзе; цёплае памяшканне. Калі работа была скончана і брыгадзір загадаў бегчы ў цяпло, усе, як гарох, сыпанулі з току па хатах. Савіцкі. [Алесева маці:] — Няхай бы ты на печы, у цяпле вылежаўся. Чорны.
5. Тое, што і цеплыня (у 3 знач.). Праз усё жыццё К. Чорны нёс тое душэўнае цяпло, якое абуджалі ў ім простыя людзі. «Маладосць». І патыхае шчасцем, Цяплом ад тых слядоў. Гатоў да іх прыпасці, Іх цалаваць гатоў. Непачаловіч. Многа вёсен прайшло, Я ж заўжды адчуваю У сваім сэрцы цяпло І любоў к свайму краю. Астрэйка.
6. Абл. Вогнішча, касцёр. Цяпло весела гарэла на высокім беразе Сажа. Кірэенка.
цяплу́шачны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да цяплушкі. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да .. зборышча чорных рыштункаў. Чорны.
цяплу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Таварны вагон, прыстасаваны для перавозкі людзей. Салдаты выпускаюць з цяплушак зняволеных набраць вады. Лужанін. Мы прайшлі ўздоўж цяплушак, вярнуліся назад і пастукалі ў дзверы самага доўгага вагона. Навуменка.
цяплы́нь, ‑і, ж.
Тое, што і цеплыня. Ад печы ідзе святло і цяплынь. Галавач. Вецер палагаднеў, абяцаючы мяккую цяплынь бабінага лета. Пташнікаў. Чалавечая цяплынь з’явілася на тварах у жанчын. Лынькоў.
цяплю́ткі, ‑ая, ‑ае.
Вельмі цёплы. Расстаюся з бацькам Енісеем, Добры ён, прывёў мяне сюды І ў душы цяплюткі жар пасеяў На бязмежжах вечнай мерзлаты. Калачынскі. Ну, як не ўспомніць Чэрвень загарэлы! Дакошвае лугі — знаходзіць гнёзды, Кладзе ў яе [шапку] цяплюткіх птушанят. Барадулін.
цяпля́к, цепляка, м.
Часовае ацепленае памяшканне для правядзення будаўнічых работ у зімовы час.
цяпля́нішча, ‑а, н.
Абл. Вогнішча. Сапраўды, нядаўна гарэлі Тут школьных паходаў кастры. Цяплянішч яшчэ не паспелі Развеяць сухія вятры. Калачынскі. А потым — мір... Зара ў блакіце... І тло цяплянішч на зямлі... І зноў хада па той арбіце, дзе ногі ўпершыню прайшлі. Ляпёшкін.