Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цялі́цца, целіцца; незак.

Нараджаць цяля (пра карову, самку аленя, лася). [Кастусь:] — Лепш бы пайшла паглядзець карову, можа, яна цяліцца скора будзе. Чорны.

цялі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Абл. Памянш.-ласк. да цяліца. Можна было б тады кароўку прадаць, а цялічка хай бы расла. Сачанка.

цялу́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да цялушка; тое, што і цялушка.

цялу́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Маладая карова, якая яшчэ не цялілася. Каб паскорыць рост пагалоўя кароў, было дамоўлена закантрактаваць усіх лепшых цялушак у калгаснікаў. Дуброўскі. // Дзіцяня каровы жаночага полу. [Марыля:] — І рабая ж наша ўчора ацялілася. Цялушку прывяла. Крапіва.

цяльня́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Разм. Матроская паласатая нацельная кашуля. Рэзалі вочы ярка-сінія палоскі Антосевай цяльняшкі... Васілевіч. Адзін [матрос] у разарванай абпаленай цяльняшцы з забінтаванай галавой страляў з гарматы, другі стаяў каля мачты і трымаў над галавою збіты карабельны флаг. Хомчанка.

цяльпу́к, цельпука, м.

Разм.

1. Кароткі тоўсты кавалак дрэва; цурбан, калодка. [Дудок] перасек усё дробнае ламачча на дрывотніку, узяўся быў за буйныя бярозавыя цельпукі, але з адной рукой не мог управіцца з імі. Лынькоў.

2. Пра нязграбнага, непаваротлівага чалавека. [Суседка:] — Спрытная дзеўка, маладзец! А то вунь у Палаткі нейкі цяльпук удаўся, дык не павернецца, людзей баіцца. Галавач. Трэба нешта было б сказаць, каб Кірыла не падумаў, што я нейкі там цяльпук. Асіпенка.

цяля́ і цялё, ‑ляці; мн. ‑ляты, ‑лят; н.

1. Дзіцяня каровы. На пустых палянках у садзе пасвяцца цяляты. Бядуля. Недзе ў хляве сумавала ахрыплым голасам цялё. Чорны. // Дзіцяня ласіхі, аленя і пад. Следам за .. [зубрам] выходзіць на паляну ўвесь статак. Тут і маладыя зубры, і падлеткі, і дарослыя зубрыцы з цялятамі, падобнымі на буйных, калматых медзведзянят. В. Вольскі.

2. перан. Пра бязвольнага, безадказнага ці занадта прастадушнага, няхітрага чалавека. «Цяля!» — у думках вылаяў сябе Кулік. Гурскі.

•••

Гнілому цяляці хваста не адарве гл. адарваць.

Дзе і Макар цялят не пасе — тое, што і дзе і Макар коз не пасе (гл. дзе).

У бога цяля ўкрасці гл. украсці.

Цяляты язык аджавалі (ад’елі) каму, у каго — пра таго, хто не можа або не хоча сказаць што‑н.

цяля́тка, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да цяля, цялё. Ласкавае цялятка дзве маткі ссе. Прыказка.

цяля́тнік, ‑а, м.

1. Хлеў для цялят. Раптам у шырокіх дзвярах цялятніка з’явіліся дзве постаці. Колас. Даверлівыя тупыя пысы .. [цялят] заўсёды радавалі Алёну, калі яна заходзіла ў цялятнік. Ермаловіч.

2. Той, хто даглядае цялят. Вопытны цялятнік.

3. Разм. неадабр. Таварны вагон, прызначаны для перавозкі жывёлы; цяплушка. Доўгі эшалон цяплушачных цялятнікаў падпоўз да дзівоснага і нязграбнага зборышча чорных рыштункаў. Чорны. Ехалі дамоў у таварным вагоне-цялятніку. Эшалон доўга выстойваў на станцыях. С. Александровіч.

цяля́тніца, ‑ы, ж.

Жан. да цялятнік (у 2 знач.).