цяжкаатле́т, ‑а, М ‑леце, м.
Спартсмен, які займаецца цяжкай атлетыкай.
цяжкаатлеты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да цяжкай атлетыкі. Цяжкаатлетычны спорт. Цяжкаатлетычныя спаборніцтвы.
цяжкава́гавасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цяжкавагавага.
цяжкавагаві́к, ‑а, м.
1. Спартсмен цяжкай вагі. Спаборніцтвы цяжкавагавікоў.
2. Конь цяжкавагавай пароды, здольны перавозіць вельмі цяжкія грузы; цяжкавоз.
3. Спец. Цяжкавагавы, з вялікім грузам таварны поезд. Пасля праходу пасажырскага ў Ганцавічах цяжкавагавік зноў крануўся ў дарогу. «Звязда».
цяжкава́гавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае вялікую вагу; цяжкі. Цяжкавагавыя тавары.
2. Які перавышае сваёй вагой нормы загрузкі. Цяжкавагавы поезд. □ Перад .. [Віталем] егерам разыходзяцца пуці, на якія ён павінен расфарміраваць цяжкавагавы састаў, што прыбыў нядаўна з Масквы. Васілёнак.
цяжкава́та,
1. Прысл. да цяжкаваты.
2. безас. у знач. вык. Пра наяўнасць невялікіх цяжкасцей, перашкод, замінак для каго‑н. у якой‑н. справе, у якім‑н. становішчы. [Якім:] — А што я ў тым атрадзе зрабіў такога? .. Адно толькі цяжкавата было ісці праз праклятыя балоты. Машара. [Валера:] — Можна спачатку на пасадкі [ісці], потым пустку адолець, і напрамкі. Але гэта, мажліва, і цяжкавата табе: лыжкі там няма. Савіцкі. Цяжкавата было спачатку і гаспадарыць [у камуне]. Дуброўскі.
цяжкава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цяжкаватага. У .. хадзе [Струшні] можна было прыкмеціць стомленасць і нейкую цяжкаватасць. М. Ткачоў.
цяжкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Даволі цяжкі. Галя падхапіла Вадзімку на рукі. Ён быў ужо цяжкаваты. Сабаленка. Слова цяжкаватае, Слова мудраватае, Слова непрывычнае І страшнаватае — фі-та-тэ-ра-пі-я. Жычка. [Старшыня:] — А сам, можа, паехаў бы ты [Мілоўскі] у Шапятоўскі савет, а? Гэта ў нас цяжкаваты савет. Галавач.
цяжкаво́дны, ‑ая, ‑ае.
У выразе: цяжкаводны рэактар гл. рэактар.
цяжкаво́з, ‑а, м.
Парода рабочых коней, якія выкарыстоўваюцца для перавозкі вялікіх грузаў; ламавік. Запрэжаныя па чатыры і тры пары цяжкавозы, напнуўшыся, цягнулі рознакаліберныя гарматы. Гурскі.