Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цяга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Тое, што і цягнуць (у 1, 2, 5, 6, 8, 10 і 13 знач.) з той розніцай, што цягаць абазначае шматразовае дзеянне, якое адбываецца ў розныя часы і ў розных напрамках. Самае страшнае — смерць Казачэнкі, начальніка штаба, які цягаў з сабой сумку з дакументамі. Навуменка. [Ілья:] — Сёння рыбка павінна здорава брацца. Толькі паспяваў цягаць. Васілёнак. Аліку, відаць, было весела, бо ён з захапленнем цягаў за вяровачку свой сіненькі грузавік. Арабей. Малое такое, што ні яго дома пакінуць, ні яго з сабою цягаць. Крапіва. Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры цягала [маці], Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. / у перан. ужыв. Цяпер і ён такі ж прапашчы, Ланцуг жыцця цягае ледзь. Жылка.

2. Красці. [Дзямід:] — Ліса яшчэ часам малых парасят цягае. В. Вольскі. — Прыкусі язык! — крыкнуў.. [Сяўрук] на Хвядосіху. — Ты думаеш, што як пры немцах тут усё валакла, цягала, дык і цяпер... Кулакоўскі.

3. Насіць доўгі час (адзенне). Тое, што маці берагла на свята, Дар’я пачала цягаць штодня. Паслядовіч. — Не пужайце вельмі, не баімся! — злавалася Каця [на брыгадзіра]. — Апошняе зімовае паліто на работу цягаю — ніхто не бачыць. Мыслівец.

4. Тузаць за што‑н. Абапёршыся плячом на сцяну, стаяла Каця, .. якую Рыгор не раз цягаў за косы. Ваданосаў. Віктар успомніў, як прыйшоў да іх Адам і пачаў цягаць Паўла за вушы. Гроднеў. Здаецца, зусім нядаўна ён [Міша] з іншымі малышамі цягаў ноччу за гэты дрот, адводзіў увагу гаспадара і сабакі ад таго месца, дзе іншыя хлопцы абіралі яблыкі. Карпюк.

5. Валачы па зямлі. Цягаць хустку па зямлі. □ Віцю, разведчыка, эсэсаўцы прывязалі да хваста каня і цягалі па бруку вуліц. Брыль.

•••

Ледзь ногі цягаць (цягнуць, валачы, перастаўляць) — а) з цяжкасцю ісці; б) пра старога, слабага чалавека.

цяга́ч, ‑а, м.

Аўтамабіль ці трактар з моцнай цягай (у 2 знач.) для буксіроўкі прычэпаў. Грукаталі цягачы з важкімі гарматамі і прычэпамі, ад поступу якіх уздрыгвала зямля. Мележ. Панясліся танкі далей, І скрыпелі цягачы, І «кацюшы» азаралі Бліскавіцай далячынь. Іверс.

цяглавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Гіст. Абкладзены цяглом. Цяглавая гаспадарка.

2. Прызначаны для цягі, перавозкі чаго‑н. [Васіль] перакінуў на перавозку снапоў амаль усю цяглавую сілу. Шашкоў.

цягле́ц, ‑ляца, м.

Гіст. Той, хто падвяргаўся абкладанню цяглом.

ця́глі, ‑яў; адз. няма.

Паджылкі; каленнае сухажылле. [Старац:] — У бальніцы пакачалася [дзяўчына] трохі.. Апарыць, дык апарыла, можна сказаць, ніштавата, да самых цягляў заняло... Чорны. Торбачка з кнігамі і сшыткамі апусцілася амаль на цяглі. Брыль.

цяглі́ца, ‑ы, ж.

Тое, што і мышца. Пройдзеш разы два па хаце — і сціхне патроху нудны боль у плячах і паясніцы, застаецца ў цягліцах толькі нешта такое пругкае і гужаватае. Крапіва. [Грэйнім] мыўся голы да пояса, і прыемна было глядзець на яго здаровае цела, абвітае дужымі цягліцамі. Чарнышэвіч.

цяглі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цягліцы; мышачны.

цягло́, ‑а, н.

1. Гіст. У Рускай дзяржаве ў 15 — пачатку 18 стст. — дзяржаўныя павіннасці сялян і пасадскіх людзей.

2. Гіст. Адзінка абкладання павіннасцямі ў прыгоннай гаспадарцы ў 18–19 стст.

3. зб. Сродкі цягі ў сельскай гаспадарцы. [Паходня:] — Зябліва таксама закончыце коньмі — цягло ў вас спраўнае. Хадкевіч. [Шаройка:] — У нядзелю мабілізуем усё наша цягло, можам нават у суседа пазычыць, так, каб за адзін дзень увесь.. лес быў дома. Шамякін.

•••

Жывое цягло — рабочая жывёла, жывёла для цягі.

ця́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Гіст. Абкладзены цяглом. Акрамя цяглых, службовых і рамесных сялян, сельскую мясцовасць Вялікага княства Літоўскага насялялі іншыя групы сялянства. Булыка.

2. Гіст. Звязаны з адбываннем паншчыны коньмі, жывёлай. Больш чым у палавіне маёнткаў сяляне працавалі на памешчыка па З дні цяглых і па З дні пешых у тыдзень. Лушчыцкі.

3. Разм. Стромкі, высокі (пра дрэвы). Я свой парус узняў, і знікае За ўспененай хваляй сівой Цаласа галькі берагавая, Дзе стаіш ты пад цяглай сасной. Танк.

цягні́к, ‑а, м.

Тое, што і поезд. Уся станцыя была забіта вагонамі і цягнікамі. Колас. Адзін за адным ішлі таварныя цягнікі. Лынькоў.