Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фігу́ра, ‑ы, ж.

1. Форма, абрысы чаго‑н. Ды дарожкі ўсе ў парадку І праведзены пад шнур, Гожы клумбачкі і градкі Розных выглядаў-фігур. Колас. // Форма, малюнак, узор, утвораныя пэўным размяшчэннем прадметаў. Вычварныя фігуры кустоў і дрэў. Мазаікавыя фігуры.

2. Склад цела, знешнія абрысы, формы чалавека. — Узмужнеў, узмужнеў, — сказаў Булай, задаволена аглядваючы моцную фігуру Алеся. Шыцік. Уся.. фігура [Арлоўскага] вызначалася сярод партызан строгай афіцэрскай выпраўкай. Машара. Ва ўяўленні [Юркі] паўставаў Лёдзін вобраз — ..з тых, што трапляюць у песню, стройная фігура, якая нечакана і раптам аформілася. Карпаў. // Пра чалавека якога‑н. выгляду, якой‑н. знешнасці. Уся ўвага цяпер пераключана на фігуру запыленага чалавека, чый узмах рукі выклікаў такую небывалую весялосць, такое радаснае захапленне. Перкін. // Разм. Прыгожы склад цела. [Юля] раней ганарылася сваёй фігурай. Грамовіч.

3. Чалавек (звычайна невядомы, незнаёмы ці кепска бачны). Ля абгарэлага пня, скурчыўшыся, сядзелі цёмныя фігуры... Маўр. Падымаю галаву і бачу чужую, незнаёмую фігуру. Скрыган. Нібы з зямлі выраслі непадалёку тры чалавечыя фігуры. Чарот. З боку цёмнай грамадзіны-капліцы падсоўваецца белая здань. Ціха ідзе гэта таемная фігура, як бы плыве. Бядуля. // Разм. пагард. Чалавек, тып. Ідзе — сунецца фігура, Азіраецца панура, Каб ёй хто не перашкодзіў. Колас. // Чалавек як носьбіт якіх‑н. якасцей, уласцівасцей. Буйная палітычная фігура. □ Як тут яшчэ раз не ўспомніць светлую фігуру Анатолія Фёдаравіча Коні, яго сумленныя і мужныя паводзіны на працэсе Веры Засуліч! Мехаў. // Важная асоба, персона. Леў цяжкую пагрузку нёс: Начальнік як-ніяк, фігура немалая. Корбан. [Надзя:] — Захар Пятровіч усё-такі значная фігура ў інстытуце, і справу з ім табе прыдзецца мець яшчэ не аднойчы. Шахавец.

4. Постаць чалавека або жывёлы ў скульптуры, жывапісе. А там з боку дарогі вынырнуў незвычайны фантан з пачварнымі скульптурнымі фігурамі і мудрагелістай лепкай. Б. Стральцоў. На каменных плітах высечаны рэльефныя фігуры людзей — партрэты пахаваных. В. Вольскі. // Вобраз, персанаж твораў мастацкай літаратуры або тэатральных спектакляў. Галоўная фігура твора [«Лявон Бушмар»] — уладальнік хутара.. Бушмар. Луфераў. «Чалавек з масы».. становіцца цэнтральнай фігурай у літаратурных творах. Адамовіч.

5. Комплекс рухаў пры выкананні чаго‑н. (танца, пры катанні на каньках і пад.). Першая фігура кадрылі. □ Група хлапчукоў смела кружылася вакол шырокай палонкі, выпісваючы такія адмысловыя фігуры, што Максім ажно пазайздросціў. Шамякін. // Палёт самалёта з рознымі паваротамі, віражамі. Фігура вышэйшага пілатажу.

6. Спец. Меладычны або рытмічны элемент, які ўскладняе і ўпрыгожвае музычны твор. Аркестравыя фігуры. Рытмічная фігура характэрна для маршавага руху.

7. У геаметрыі — частка плоскасці, абмежаваная замкнутай лініяй, а таксама наогул сукупнасць размешчаных пэўным чынам пунктаў, ліній, паверхней і цел. Геаметрычныя фігуры.

8. У шахматах — кароль, ферзь, ладдзя, слон і конь. Хапаю яе [шахматную дошку], кладу на табурэт, пачынаю расстаўляць фігуры. Жычка.

9. Старшая ігральная карта (туз, кароль, дама, валет).

10. Моўны зварот, стылістычны прыём, які надае мове асаблівую выразнасць. Цэзуры, паўзы і іншыя рытмічныя фігуры робяць разнастайнай рытміку вершаў Багушэвіча. Ларчанка.

11. Спец. Чарцёж, схема, рысунак, якія змяшчаюцца ў тэксце кнігі.

[Лац. figura — вобраз, форма.]

фігурава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. фігураваць.

фігурава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Прысутнічаць, знаходзіцца дзе‑н., прымаючы ўдзел у чым‑н. Фігураваць на судзе ў якасці сведкі. // Называцца, упамінацца. Бобчынскі і Добчынскі фігуруюць у класічнай рабоце У.І. Леніна «Матэрыялізм і эмпірыякрытыцызм» у якасці прадстаўнікоў «новых філасофскіх школак». «Полымя». А цераз год У лесе зноў сабраўся сход, Зноў фельетон Янотаў разбіралі, Але цяпер фігураваў там... Крот. Корбан.

фігура́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць фігуральнага. Фігуральнасць стылю.

фігура́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае многа фігур (у 10 знач.), характарызуецца наяўнасцю фігур; напышлівы. Фігуральная мова.

2. Алегарычны, вобразны. Фігуральны зварот. □ Думка гэта правільная не ў літаратурным, а ў фігуральным яе сэнсе. Перкін.

фігура́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Уст.

1. Танцоўшчык у групавых балетных выступленнях.

2. Драматычны акцёр, які іграе ролі без слоў.

[Фр. figurant.]

фігура́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Уст. Жан. да фігурант.

фігура́цыя, ‑і, ж.

Спец. Ускладненне асновы музычнага твора шляхам увядзення фігур (у 6 знач.).

[Лац. figuratio — наданне формы, вобразнае выяўленне.]

фігу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Памянш.-ласк. да фігура (у 2, 3 і 4 знач.); маленькая фігура.

фігу́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае непрамалінейныя абрысы, контуры; які мае складаную форму. Фігурны шакалад. □ [Галя] была ў чорнай шарсцяной сукенцы з фігурным выразам наперадзе, у сваіх чорных лакіраваных басаножках, з сумачкаю ў руках. Ваданосаў. // Які надае такую форму прадмету. Фігурны разец. // Які мае на паверхні ўзор, цісненне. Фігурныя пераплёты старых кніг.

2. Які выконваецца з фігурамі, апісвае пры сваім руху фігуру. [Славік:] — Пройдзем удваіх, і я пакажу табе вышэйшы клас фігурнага катання. Не бойся, я буду цябе трымаць вось так. Шамякін. // Прызначаны для такога выканання. Фігурныя канькі.

3. Разм. Які мае прыгожую фігуру. Захар Лемеш — фігурны чалавек. Колас.

4. Які аднаўляе фігуры (у 4 знач.). Фігурны жывапіс. Фігурны клас.

5. У шахматах — які адбываецца з удзелам фігур. Фігурная атака на каралеўскім флангу.

•••

Фігурнае катанне — выкананне на каньках пэўнага комплексу элементаў, а таксама танцаў на лёдзе.

Фігурныя дужкі гл. дужка.