Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

узро́ст, ‑у, М ‑сце, м.

Колькасць часу, гадоў, пражытых ад нараджэння, пачатку росту; перыяд, ступень у развіцці, росце чалавека, жывёлы, расліны. Ва ўзросце трох год. Людзі аднаго ўзросту. Дзіцячы ўзрост. Сталы ўзрост. □ [Шайдак:] — Мне ішоў тады пятнаццаты год. Узрост, ведаеце які: усё хочацца ведаць, усюды паспець. Жычка. За купамі аголеных кустоў мітусіліся хлапчукі школьнага ўзросту. Колас. Толькі на Палессі можна яшчэ любавацца дубамі, узрост якіх дасягае добрых шасці стагоддзяў. В. Вольскі.

•••

Бальзакаўскі ўзрост — узрост ад 30 да 40 год, уласцівы гераіням бальзакаўскіх раманаў, якія ў гэты перыяд захавалі свежасць і маладосць пачуццяў.

Выйсці з узросту гл. выйсці.

узро́ставы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пэўнага ўзросту; які вызначаецца па ўзросту. Узроставыя групы. Узроставыя змены.

узроўняме́р, ‑а, м.

Прыбор для прамысловага вымярэння або кантролю ўзроўня вадкасці або сыпучых рэчываў у рэзервуарах, сховішчах, тэхналагічных апаратах і пад.

узру́шанасць, ‑і, ж.

Стан узрушанага; усхваляванасць; трывога. Дзяўчына зусім супакоілася, нервовая ўзрушанасць зусім прайшла. Маўр. Панавала бадзёрая ўзрушанасць — ва ўсіх толькі і было размоў, што пра Мінск, пра штурм... Мележ.

узру́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад узрушыць.

2. у знач. прым. Вельмі моцна ўсхваляваны. Узрушаны дзядзька Марцін выйшаў на прыгумень, кісет дастаў і стаў папяросу вярцець. Колас. — Ну, паглядзіце, што гэта за чалавек? — звяртаецца ўзрушаная прадаўшчыца да пакупнікоў. Пянкрат. // Які знаходзіцца ў прыўзнятым стане; узбуджаны. Радасны і ўзрушаны дзед Талаш абедзвюма рукамі патрос Букрэеву руку. Колас. // Які выражае такі стан. Узрушаны твар. Узрушаны выгляд. Узрушаны голас.

узруша́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да узрушыцца.

узруша́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узрушыць (у 2 знач.).

узру́швацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да узрушыцца.

узру́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да узрушыць.

узру́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; зак.

Моцна ўсхвалявацца; устрывожыцца. — Як жа гэта так? — узрушылася бабка: — За што такая няласка, такое пакаранне? Колас. [Маша] зноў узрушылася і так моцна, што рука з пісьмом апусцілася ў знямозе. Мележ.