удо́сыць, прысл.
Разм. Тое, што і удосталь. За чатыры гады вайны Нябёсы ўдосыць нагрэліся. Барадулін. Паспаўшы ўдосыць і на мяккім ложку, яны [дамы] і пачыналі дзень патрошку. Дубоўка.
удо́ўж, прысл. і прыназ.
1. прысл. У даўжыню, па даўжыні. Тры лініі мераюць мой пакой удоўж, ушыркі і ўвысь. Арочка. Я пачаў дзяліць загон упоперак, а .. [бацька] папрасіў падзяліць яго ўдоўж. Сяргейчык. [Юрка:] — Збоку кожны [свінню] пераскочыць. Ты ўдоўж паспрабуй. Скрыпка.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «удоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па даўжыні чаго‑н., а таксама на размяшчэнне чаго‑н. па даўжыні якога‑н. прадмета. Удоўж сцен стаялі лавы. Колас. Неўзабаве адхілілася шырмачка з квяцістай фасолькай удоўж столак і ў пакой заглянула Алеся. Кулакоўскі.
•••
Удоўж і ўпоперак — а) ва ўсіх напрамках, усюды. Удоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам. Колас; б) вельмі добра, да дробязей (ведаць каго‑, што‑н. і пад.).
удо́ўжкі, прысл.
Тое, што і удоўж (у 1 знач.). Па свеце і ўдоўжкі, і ўшыр Шчаслівая слава пайшла. Купала. Вось звіць бы пугу ўдоўжкі на вярсту — Яна страляла б, як пярун з-пад хмары! Астапенка.