удо́ўж, прысл. і прыназ.

1. прысл. У даўжыню, па даўжыні. Тры лініі мераюць мой пакой удоўж, ушыркі і ўвысь. Арочка. Я пачаў дзяліць загон упоперак, а .. [бацька] папрасіў падзяліць яго ўдоўж. Сяргейчык. [Юрка:] — Збоку кожны [свінню] пераскочыць. Ты ўдоўж паспрабуй. Скрыпка.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «удоўж» выражае прасторавыя адносіны; ужываецца для ўказання на накіраванасць дзеяння па даўжыні чаго‑н., а таксама на размяшчэнне чаго‑н. па даўжыні якога‑н. прадмета. Удоўж сцен стаялі лавы. Колас. Неўзабаве адхілілася шырмачка з квяцістай фасолькай удоўж столак і ў пакой заглянула Алеся. Кулакоўскі.

•••

Удоўж і ўпоперак — а) ва ўсіх напрамках, усюды. Удоўж і ўпоперак луг перасякаўся вузкімі, доўгімі і глыбокімі тонямі, заросшымі аерам. Колас; б) вельмі добра, да дробязей (ведаць каго‑, што‑н. і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)