Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спы́рсквацца, ‑аецца; незак.

Зал. да спырскваць.

спы́рскваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Незак. да спырснуць.

2. Незак. да спырскаць (у 2 знач.).

спы́рснуты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спырснуць.

спы́рснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

Пырскаючы на каго‑, што‑н., намачыць; апырскаць. [Сцёпка] папярхнуўся вадой, якую трымаў у роце, рыхтуючыся спырснуць марлю, і кінуўся да мяне: — Здароў, братка, здароў, студэнт. Радкевіч.

спы́рхваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спырхнуць.

спы́рхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Хутка ўзляцець, зляцець адкуль‑н. (пра птушку, матылька і пад.).

спыта́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спытаць.

спыта́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Тое, што і спытаць (у 1 знач.). — І гэта ўсё ты сам напісаў, Сцёпачка? — у захапленні спыталася Аленка, калі Сцёпка скончыў свой расказ. Колас. Спытаўся брат у Стася: — Быць хочаш інжынерам? Аўрамчык.

спыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго і з дадан. сказам. Задаць каму‑н. пытанне, каб даведацца пра што‑н.; звярнуцца да каго‑н. з пытаннем; папытацца. — А чаму ты, Сцёпка, не вучышся далей? — спытала .. [Аленка]: — ты ж гэтакі здольны? Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. [Галіна] міласціва дазволіла мне .. [закурыць] і спытала, чаму я заву гэтую стаянку маёй? Васілевіч. // Апытаць вучня на ўроку. Ішоў урок у гомане і тлуме — Таго спытай, А т[а]му падкажы. Хведаровіч. // (звычайна з адмоўем). Даведацца чыю‑н. думку пра што‑н.; папрасіць дазволу на што‑н. [Клемс:] — Вось намалола, каб табе [жонцы] язык прысох! І чаго ты толькі бурчыш! Зах[а]чу, — пайду і цябе не спытаю. Галавач.

2. што і чаго. Папрасіць што‑н., звярнуцца з якой‑н. просьбай. Некалькі разоў .. [Койфер] хацеў бы[ў] спытаць парады ў Візэнера. Шамякін.

3. перан.; што і чаго. Перажыць, зведаць, зазнаць (гора, турботы і пад.). Хто не спытаў хоць раз трывогі, Жыццю не ведае цаны! Звонак.

4. з каго. Разм. Ускласці на каго‑н. адказнасць за дзеянні, учынкі; спагнаць. Менавіта за ім было апошняе слова і менавіта з яго [Зазыбы] першага маглі спытаць за ўсё як свае, так і фашысты. Чыгрынаў.

спы́тваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Спрабаваць на смак; каштаваць. Пірагом запах хлеб — хто яго спытваў калі, той пірог. Лобан. // Есці. — Я даўно сала не спытваў, — сказаў тужліва Міхалючок. Чорны.