Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спо́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спаіць.

спо́знены, ‑ая, ‑ае.

1. Які наступае са спазненнем, пазней звычайнага. Крыху спозненая, але дружная вясна [н]абірала ўсё болей і болей жыватворнай сілы. Колас. // Які бывае, з’яўляецца, паспявае пазней за іншыя. Праўда, дзе-небудзь з краю паляны яшчэ трапляў спознены [званочак]. Карпюк.

2. Які адбываецца, робіцца пазней, чым трэба. Досыць было аднаго памылковага або на адну дзесятую секунды спозненага павароту руля, каб ад матацыкліста і машыны засталося літаральна мокрае месца. Шамякін. Спозненыя пошукі бацькавай магілы навучылі мяне многаму. Лось.

3. Позні. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны і толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык. Брыль.

спо́йванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спойваць — спаіць.

спо́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да спойваць.

спо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спаіць.

спо́латы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спалоць.

спо́лах, ‑у, м.

1. Тое, што і спалох. На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. Сполах... Крыкі... Страляніна... Стогны... Бядуля.

2. звычайна мн. (сполахі, ‑аў). Паўночнае ззянне; водбліск паўночнага ззяння. Сполахі ў небе стаўляюць шатры Пад громы лядовых удараў. Колас.

3. звычайна мн. (сполахі, ‑аў). Успышкі маланкі; зарніца; водбліскі зары. Зарава.. калыхала ўсё болей і болей, пераліваючыся залацістымі сполахамі ў касматых клубах навальнічных хмар. Лынькоў. Гэта была пара самага моцнага сну, калі ноч збіраецца ў дарогу ад ледзь прыкметных яшчэ сполахаў зары. Галавач. // Успышкі агню, святла. Нягледзячы на моцны мароз, людзі працавалі на рыштаваннях, успыхвалі блакітныя сполахі электразваркі. Стаховіч. І калі тузалі жоўтыя сполахі выбухаў, бы большала. Карпаў. Усю ноч над горадам трапяталі сполахі велізарнага зарава. Пятніцкі.

спо́мніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Разм. Успомніць. Думаецца пра жыццё, якога ў лесе не злічыць, не ўгледзець, не спомніць усяго. Пташнікаў.

спор, ‑у, м.

Удача, поспех у чым‑н. Спор у рабоце. □ Госці павіншавалі Ганну Сымонаўну з «улазінамі», з прыездам, пажадалі ёй шчасця і спору ва ўсім. Дубоўка. «Э-эх!» — пайшоў [Фама]. Падскочыў два разы, Але чамусьці не было ў танцы спору. Корбан.

•••

Спор ды лад (у рабоце, жыцці і пад.) — пажаданне добра працаваць, жыць і пад.

спо́ра,

гл. споры.