Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

со́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Агульная назва натрыевых солей вугальнай кіслаты, якія шырока выкарыстоўваюцца ў тэхніцы, медыцыне, быце. Крышталічная сода.

•••

Кальцыніраваная сода — бязводны вуглякіслы натрый.

Каўстычная сода — тэхнічная назва едкага натру.

Пітная сода — ачышчаны двухвуглякіслы натрый, белы парашок, які ўжываецца ў медыцыне і кулінарыі.

содаварэ́нне, ‑я, н.

Спец. Штучнае здабыванне, прыгатаванне соды.

со́давы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да соды. Содавы раствор. Содавы завод. Содавая вытворчасць. Содавыя вапны. // у знач. наз. со́давая, ‑ай, ж. Напітак з раствору пітной соды і спажыўнай солі ў газіраванай вадзе.

со́евы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да соі. Соевыя пасевы. Соевае зерне. // Прыгатаваны з соі, з сояй. Соевы алей. Соевая мука. Соевыя цукеркі.

со́йка, ‑і, ДМ сойцы; Р мн. соек; ж.

Лясная пералётная птушка сямейства крумкачовых. Праляцелі з рэзкім, трывожным крыкам да бліжняга ляска сойкі. Даніленка.

сок, ‑у, м.

1. Вадкасць, якая знаходзіцца ў клетках, тканках і поласцях раслінных і жывёльных арганізмаў. Кляновы сок. Страўнікавы сок. □ А дзядзька ўперадзе тралюе І галаву ўгару ўскідае, Бярозу добрую шукае З салодкім сокам, баравую. Колас. А ён [яблык] крохкі такі, ажно свеціцца ў ім Сок ды шастаюць ціха зярняты. Бялевіч. Зацвітуць сады ў калгасе, Паляцяць зноў пчолы з пасек Па салодкі сок... Кірэенка. // Напітак з вадкасці, якая выціскаецца з ягад, фруктаў, гародніны. Журавінавы сок. Яблычны сок. Фруктова-ягадныя солі.

2. Вільгаць і пажыўныя рэчывы, якія знаходзяцца ў глебе і ўсмоктваюцца раслінамі. Ярына высмоктвае каштоўныя сокі перагною і добра расце. Кулакоўскі. Дзякуй глебе, што кожнае зернетка сокам, нібы маці грудзямі, ўскарміла, ўспаіла. А. Вольскі. Красавік — Гэта першыя краскі вясны, Некранутая сінь Танканогай пралескі, Рокат рэк гаваркіх, Буйства сокаў зямных, Вечна юнага часу Ўрачыстая песня. Звонак.

3. перан. Разм. Пра лепшых прадстаўнікоў грамадства. Бо вы — кроў з майго цела, Бо вы — узор чалавека... Людзі справы наспелай, Сок дваццатага веку. Таўбін. // Асноўнае, лепшае, галоўнае ў чым‑н. К. Чорны стараўся, каб літаратурная, кніжная мова не губляла сокаў жывой, бытавой мовы. Адамовіч.

•••

Млечны сок — вадкасць у сцёблах, лісці і каранях некаторых раслін (служыць сыравінай для атрымання каўчуку, гутаперчы, опіуму).

Варыцца ў сваім (уласным) саку гл. варыцца.

Высмактаць (усе, апошнія) сокі гл. высмактаць.

Выціснуць усе сокі гл. выціснуць.

У (самым) саку — у росквіце фізічных сіл.

со́кавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да соку. Сокавая пара. // Прызначаны для вытворчасці соку. Сокавы цэх.

сокавыціска́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Апарат або прыстасаванне для выціскання соку з фруктаў, ягад і гародніны.

со́кал, ‑а, м.

1. Драпежная птушка сямейства сакаліных з моцнай дзюбай і доўгімі вострымі крыламі. // звычайна мн. (со́калы, ‑аў). Высок. Пра лётчыкаў, касманаўтаў. Чалавек у космасе! Як гэта здорава, сябры! Крылом кранае зоры Наш, савецкі, сокал. А. Александровіч.

2. Пра смелага, прыгожага юнака, мужчыну. — Сын мой? І адкуль ты? Сокал ясны! — Да грудзей прыпала галавой. Астрэйка. І плакала Хрысця, што іх разлучылі, Што сокалу крылы Звязалі, скруцілі. Арочка.

сокалападо́бныя, ‑ых.

Атрад дзённых драпежных птушак.