смугля́вы, ‑ая, ‑ае.
Злёгку смуглы; смуглаваты. Смуглявы тварык. □ На смуглявую, чыстую, дзявочай свежасці скуру брытву браць трэба было самую вострую. Карпюк. // Які мае такую скуру. І вось выходзіць хлопец статны, Крыху смуглявы, малады, Танкіст і песе[ннік] выдатны, І сам прыгожы, хоць куды. Колас. Мікола сапраўды нагадваў цыгана — такі ён быў чорны, смуглявы. Даніленка.
смугля́к, ‑а, м.
Разм. Смуглы мужчына, хлопец. — Я... я Мікешка .. — А я Смагул, — паспешліва заявіў аб сабе чорнагаловы смугляк. Беразняк. З вуліцы брацік ускоквае, дзесяцігадовы смугляк. Ракітны.
смугля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Смуглая жанчына, дзяўчына. Маленькая, жвавая смуглянка, здавалася, была вельмі рада госцю. Колас.
сму́жны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і засмужаны. І тут .. [Лабановіч] — ужо каторы раз — мімаволі прыгадаў тую пляцоўку, з якой так прыгожа вырысоўваўся ў смужнай далечыні зданнёвы замак. Колас. // Які мае адносіны да смугі. Смужная заслона.
смуро́д, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Непрыемны, агідны пах. У бочцы было гулка, душна ад пары і нейкага густога смуроду. Самуйлёнак. У бруднай і цеснай майстэрні стаяў страшэнны смурод ад скур і дзёгцю. С. Александровіч. // перан. Пра якую‑н. абстаноўку, асяроддзе, што выклікаюць агіду. [Лабановіч:] — Што прайшло, таго не вернеш, і няма тут чаго каяцца. Добра ўжо і тое, што хоць пачулі смурод местачковага балота... Тфу, паскудства! Колас.
2. Разм. пагард. Пра чалавека. [Зыгмусь:] І давядзі справу да канца так, каб праз некалькі дзён гэты стары смурод узяў цябе замуж. Чорны.
смуро́дзіць, ‑роджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак.
Разм. Распаўсюджваць смурод, непрыемны пах. На шафцы ў кухні шыпіць і смуродзіць газай прымус. Брыль.
•••
Смуродзіць свет — жыць, нічым карысным не займаючыся, чыніць людзям непрыемнасці.
смуро́длівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і смуродны. Адзін за адным .. [Слуцкі і Барысаўскі] спусціліся праз круглую адтуліну ў вільготную і смуродлівую глыбіню цёмнай зямлянкі. Паслядовіч.
смуро́днасць, ‑і, ж.
Уласцівасць смуроднага. Смуроднасць паветра.
смуро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які дрэнна пахне, смярдзіць. Нерухома вісела густое, душнае і смуроднае ад балотных выпарэнняў паветра. Шамякін. Смуродны дым пайшоў па вуліцы, людзі затыкалі насы і адплёўваліся. Самуйлёнак. // Напоўнены смуродам, поўны смуроду. Праз жалезныя краты лез у цемру смуроднага пакоя ціхі бледна-жоўты месяц. Бядуля.
смуры́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак.
Абл. Вадзіць па чым‑н.; паціраць, церці. Мы доўга стаялі ў нерашучасці, смурыжылі адна аб адну ногі, адганяючы камароў-крывасмокаў. Чыгрынаў.