Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

смерч, ‑у, м.

Моцны віхар, які падымае ўгору і круціць слуп вады, пяску, пылу. Смерч на моры. □ Вясной падняўся над Закружжам чорны слуп смерчу, прайшоў па гародах, вырываючы з зямлі дрэвы, камяні. Асіпенка. // Пра што‑н., падобнае на смерч. Вогненны смерч. □ Гэта зноў машкара. Шэрым смерчам узнімаецца яна высока ў неба. В. Вольскі.

сме́рчавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да смерчу; які з’яўляецца смерчам. Смерчавы слуп.

сметанко́вы, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны з смятанкі, з смятанкай. Сметанковае марожанае. □ У горадзе ўсё ёсць — і халва, і селядцы, і кансервы з фасолі, нават сметанковае пячэнне, а вось цукерак венгерскіх можа і не быць там. Чыгрынаў.

сме́тнік, ‑а, м.

Месца, куды выкідаюць смецце, непрыгодныя і непатрэбныя рэчы. [Сымонавіч:] — Або купіш у магазіне цацку завадную. Ну завядзе табе яе прадавец, а дома яна тырк-тырк — і гатова: цягні па сметнік. Скрыпка. Венікам мялі датуль, пакуль можна было месці. Тады яго выкінулі на сметнік. Сачанка. // Куток у хаце, куды змятаюць смецце. Не чакаючы запрашэння, [Яўхім] паставіў стрэльбу ў сметніку, ахвоча крэкнуў: — Як чуў, у самы раз! Мележ. / у перан. ужыв. [Мікола:] — Цяпер жа, калі ўсё старое, што заядала нас, мы выкінулі на сметнік, перад намі паўстала пытанне: няўжо ж мы гэты спрадвечны бруд захаваем і надалей? Колас. Ён канае, капітал сусветны, Кіпцюрамі ў скарб упіўся свой. Гэта гной вякоў, апошні сметнік Подласці і лютасці людской. Панчанка. Змяёй зацяжарыўшы, сметнік зямлі радзіў нам злачынства агіднейшых спраў. Кляшторны.

•••

На сметнік гісторыі (выкінуць, змесці і пад.) — пра што‑н. аджыўшае, устарэлае, нікому не патрэбнае. Магутнай бурай рэвалюцыі змецены былі на сметнік гісторыі троны і кароны. Бялевіч.

Выкінуць (грошы) на сметнік — змарнаваць, дарэмна патраціць. [Усевалад:] — Мы выкінулі нашы грошы на сметнік і вінавацім людзей, што яны не ўмеюць гаспадарыць. Скрыган.

Капацца (поркацца) у сметніку — займацца разборам якой‑н. непрыемнай справы. Гарбач выразна адчуў нейкую каверзу,.. але не бачыў патрэбы корпацца ў сметніку. Мурашка.

сме́тніца, ‑ы, ж.

Разм. Скрынка для смецця; урна. Антон зацірае цыгарэту, кідае яе ў сметніцу і таксама вылятае ў калідор. Мыслівец.

сме́тнішча, ‑а, н.

Разм. Тое, што і сметнік. Выкінуць чаравік на сметнішча. // Звалка, месца, куды звозяць рознае смецце. Адвесці ўчастак для сметнішча.

смех, ‑у, м.

1. Характэрныя перарывістыя гукі, што ствараюцца кароткімі выдыхальнымі рухамі, як праяўленне весялосці, радасці і пад. Залівацца смехам. □ А дзеці, крыху асвойтаўшыся, пачыналі гусці смялей і весялей. Часамі чулася іх бега[тня] па лаўках, смех і крыкі. Колас. На верандзе казармы на поўныя грудзі спявае прыёмнік.. Да цямна раздаецца здаровы вясёлы смех. Брыль. // Весялосць, жарты або кпіны. І смех там быў, былі і жарты, І кпіны едкія, і злосць. Колас. Ведаюць здаўна на свеце пра тое — смех памагае знішчаць нам ліхое. Дубоўка. / мн. (смехі, ‑аў). Дзяўчат спаткаю — смехі-жарты Пасыплюцца, нібы з мяшка: «Дзень — добры, але ты што варты?!» — «А можа ўзяць за прымака?!» Лойка. // у знач. прысл. сме́хам. Разм. Жартуючы, несур’ёзна. Сказала [Юлька] смехам: «Глянцую драты на лічыльніку, каб блішчалі...» Марціновіч.

2. у знач. вык. Разм. Пра тое, што можа рассмяшыць; смешна. Давялося мне там [на «Трэку»] бачыць, У мяшках як людзі скачуць: Два хлапцы залезлі ў мех Ды валтузяцца — аж смех, Так, як тыя парасяты. Крапіва. Смех з панскіх ботаў: адзін згарэў, другі сабака з’еў. З нар.

•••

Гамерычны смех (рогат) — нястрымны, грамавы смех.

Адзін смех — тое, што і смех (у 2 знач.).

Без смеху — сур’ёзна, без жартаў.

Выставіць на смех гл. выставіць.

Дзеля смеху — з мэтай пажартаваць, пасмяяцца.

(І) смех і гора; (і) смех і грэх — пра тое, што адначасова і смешна і сумна.

Качацца са смеху гл. качацца.

Кіснуць ад смеху гл. ціснуць.

Класціся ад (са) смеху гл. класціся.

Курам на смех гл. курыца.

Лопнуць са смеху гл. лопнуць.

Не да смеху каму — няма прычыны, жадання весяліцца, смяяцца.

Не на смех — усур’ёз; як след. [Харытон:] — Але ж калі рабіць — трэба не на смех рабіць. Баранавых.

Падняць на смех каго гл. падняць.

Пакаціцца (паехаць) ад (са) смеху гл. пакаціцца.

Паміраць (лопацца) са смеху гл. паміраць.

Смех бярэ — хочацца смяяцца.

Смех ды і годзе; смех сказаць — тое, што і смех (у 2 знач.).

Смеху варта — смешна.

(Як) на смех — як для насмешкі.

смехата́, ‑ы, ДМ ‑хаце, ж., у знач. вык.

Разм. Тое, што і смех (у 2 знач.). Смехата адна!

•••

Да смехаты — да смешнага.

смехатво́рнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць смехатворнага. Смехатворнасць доказаў.

смехатво́рны, ‑ая, ‑ае.

Недарэчны, варты смеху, кпінаў. Смехатворнае апраўданне. □ [Лаўрыновіч:] — Ну, таварышы, гэта абвінавачванне і зусім смехатворнае. Лобан.