Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слізгану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да слізгаць.

2. Хутка, непрыкметна прайсці, прабегчы; хутка схавацца дзе‑н., шмыгнуць куды‑н. Кузя прапоўз некалькі метраў, слізгануў убок і нібы растварыўся ў зеляніне. Жычка. Тады, не разважаючы больш, .. [Тышкевіч] слізгануў з-пад абрыву ў ваду, зноў апёкся, аж захаланула сэрца, пайшоў па рэчцы, шукаючы адхонны бераг. Асіпенка.

3. Ссунуцца з чаго‑н., спаўзці, з’ехаць. Чорная коцікавая шапка слізганула з .. галавы [Андрэя]. Адамчык.

слізгата́, ‑ы, ДМ ‑гаце, ж.

Тое, што і слізгота. З учарашняй адлігі толькі і засталіся доўгія ледзяныя стрэлкі на стрэхах ды слізгата пад нагамі. Мыслівец.

слізгаце́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. слізгацець.

слізгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; незак.

Тое, што і слізгаць. Конь бег спорнай рыссю, сані лёгка слізгацелі па снегавых астраўках і чыстым лёдзе. Хадкевіч. Спрытна мільгае вясло ў .. пругкіх руках [дзяўчыны], і човен борзда і роўна слізгаціць па шырокаму лону спакойнай Прыпяці. Колас.

слі́згацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Рухацца па гладкай слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Крактала, угіналася пад возам рака, коні .. імчаліся, секлі лёд падковамі, і заднія калёсы слізгаліся, сунуліся. Капыловіч. // Не мець устойлівасці, ссоўвацца з месца, не могучы ўтрымацца на слізкай паверхні, саслізгваць. А падлога маляваная, гладкая, слізкая, я проста на нагах стаяць не магу, — усё слізгаюся. Бядуля. Але з непрывычкі нож .. чамусьці не слухаўся [Косціка]: ён то лёгка слізгаўся па версе кары, то глыбока ўядаўся ў корань. Якімовіч. // Не трымацца, выслізгваць. Чаўнок слізгаецца з рук. □ Паклаўшы жменю [пшаніцы], .. [Марыя] плявала сабе ў правую далонь, каб ручка сярпа не слізгалася, і жала далей. Пестрак.

2. Катацца, коўзацца. Слізгацца па лёдзе. Слізгацца на каньках. □ Зімою добра было слізгацца па лёдзе, вечарам пад шум бору за сцяной слухаць казкі. Ліс.

3. Тое, што і слізгаць (у 3 знач.). Водбліскі зор, здаецца, слізгаюцца па шыбінах і адбываюцца на твары Косціка. Пестрак.

слі́згаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Рухацца па гладкай, слізкай паверхні, не адрываючыся ад яе. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой па некранутай белі дзве раўнюткія палосы. Машара. Конь пляцецца нага за нагу, і сані слізгаюць амаль нячутна. Асіпенка. // Не мець устойлівасці, слізгацца, саслізгваць. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. Спачатку справа ішла на лад, але там, дзе пачынаўся гладкі ствол, рукі слізгалі і нельга было лезці далей. С. Александровіч.

2. перан. Плаўна, лёгка рухацца, перамяшчацца. Шпарка слізгаюць лодкі па вадзе. В. Вольскі. Павольна слізгае ўніз па Белай баржа. Данілевіч. / Пра самалёты, пра птушак. Ён [планёр] ледзь пагойдваў крыллямі і бязгучна слізгаў над вяршынямі стромкіх елак. Даніленка. У суладным сваім палёце .. [статак вераб’ёў] імкліва слізгае ўбок, пасля ўвесь разам — у другі. Быкаў. // Пры перамяшчэнне руху, надзенні дакранацца да чаго‑н., кранаць што‑н. Вудзільна пра[соўва]ецца праз кальцо, якое затым слізгае ўніз па лёсцы і сваёй вагой ударае па кручках. Матрунёнак. Фанера на спецыяльных петлях слізгала па дроце плаўна, без рыўкоў. Шыловіч. // Паўзці (пра паўзуноў). Лясных палохаючы птахаў, Слізгаў маланкай, гнуткі, ён [вуж]. Грачанікаў.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Плаўна пераходзіць з прадмета на прадмет (пра святло, цені і пад.). Моцны прамень пражэктара слізгае па бліскучых рэйках, выхоплівае з цемры дзівосныя малюнкі навакольнага пейзажу. Васілёнак. Позірк агранома то загрымліваўся на экспанатах сельскагаспадарчых культур, то слізгаў па партрэтах Герояў Сацыялістычнай Працы. Стаховіч.

•••

Слізгаць па паверхні чаго — не паглыбляцца ў сутнасць чаго‑н., абмяжоўвацца знешнім бокам з’яў.

слізго́та, ‑ы, ДМ ‑гоце, ж.

Разм. Слізкасць, абледзянеласць чаго‑н. Выбраліся на абледзянелы дашчаны тратуар, пабрылі ўсцяж вуліцы. Макрэча, слізгота. Навуменка. Я чую, як шумяць .. хвоі, як падаюць шышкі, і ногі нячутна ступаюць па мяккай слізгоце шыпулек. Скрыган.

слізго́тны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае слізкую паверхню; коўзкі. Пасля мяцеліцы настала адліга з лёгкім марозам, які адшліфаваў поле, слізготнай зрабіў дарогу. Бядуля.

слі́зевы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і слізісты (у 1 знач.). Слізевае рэчыва. Слізевыя хады ў раслін.

слізецячэ́нне, ‑я, н.

Захворванне дрэў і кустоў, якое суправаджаецца выдзяленнем слізі з галін і ствалоў.