Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

свабодна...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «свабодны», напрыклад: свабоднаапорны, свабоднамалекулярны, свабоднападаючы.

свабо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не ведае прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення, які карыстаецца свабодай (у 2 знач.). Пачуцці і мыслі народаў свабодных Лунаюць на Ўсходзе Далёкім. Колас. // Уласцівы краіне, народу, якія не ведаюць прыгнёту, эксплуатацыі, заняволення. У свабоднай працы, у адпачынку, у весялосці, у чаканні новых радасцей дні і тыдні ляцелі незаўважна. Шамякін.

2. Які валодае дзяржаўнай незалежнасцю, суверэнны. Саюз непарушны рэспублік свабодных З’яднала навекі Вялікая Русь. Гімн СССР.

3. Які не з’яўляецца рабом, прыгонным. Свабодны селянін. □ Зярняты свабодны сявец З сяўні сее ў пульхны загон. Махае касою касец, Пазбыўшы галодны прыгон. Купала.

4. Які мае права, магчымасць распараджацца сабою па ўласнаму жаданню; незалежны, не звязаны ні з кім якім‑н. абавязкамі, адносінамі. Свабодны мастак. // Які адбываецца па сваёй волі, жаданню, без прымусу. За кожнай саюзнай рэспублікай захоўваецца права свабоднага выхаду з СССР.

5. Які не ведае перашкод, абмежаванняў. [Лукавіцып].. быў патайным прыхільнікам «свабоднай любві». Крапіва. Толькі ж ім [ворагам] свабодны рух Не стрымаць ніколі! Колас. // Не абмежаваны пэўнымі нормамі, правіламі, формамі. Канструкцыя свабоднай формы.

6. Бесперашкодны, неабмежаваны законам. Свабодныя выбары. Свабодны гандаль. Свабодны абмен думкамі. □ Свабоднае слова, ты, роднае слова! Зайграй ты смялей, весялей! Купала.

7. Які адбываецца, працякае лёгка, без перашкод, цяжкасцей. Свабоднае дыханне. Свабоднае валоданне французскай мовай. // Не напружаны (пра позу, рухі і пад.). Свабодная пасадка ў сядле.

8. Нікім, нічым не заняты; пусты, вольны. У аўтобусе былі свабодныя заднія месцы, і селі ўсе трое. Пташнікаў. Калі сенцы ад лучыны асвятліліся, ён [салдат] агледзеў свабодную лаву і прысеў. Лобан. // Нічым не заняты (пра рукі і інш.). Першы коннік, маёр, ловіць свабоднай рукой галлё, пад якое нельга нагнуцца. Брыль. // Нікім не замешчаны, вакантны. Свабодная адзінка.

9. Разм. Які не знаходзіцца ў дадзены момант у карыстанні. Свабодныя грошы. Тэлефон свабодны.

10. Больш чым дастатковы па велічыні; раскошны. Свабодны касцюм. Паліто свабоднага крою.

11. Які ні да чаго не прымацаваны, ні з чым не злучаны. Свабодны канец вяроўкі.

12. Які не перадае руху іншым часткам механізма, вызвалены ад счаплення, ад нагрузкі. Свабоднае кола. Свабодная шасцярня.

13. Які не знаходзіцца ў хімічным злучэнні з чым‑н. Свабодны кісларод.

•••

Свабоднае падзенне цела — падзенне цела пад уплывам сілы цяжару.

Свабодны ўдар гл. удар.

Свабодныя электроны гл. электрон.

сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.

1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.

2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.

3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.

сваво́лле, ‑я, н.

Разм. Тое, што і свавольства. Не абыходзілася [у семінарыі] без юначага сваволля. С. Александровіч.

сваво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць свавольнага, свавольства, сваявольства.

сваво́льнік, ‑а, м.

1. Той, хто сваволіць; гарэза, дуронік. Варта.. [Даты] было выскачыць са школы, як за ёй са свістам гналася чарада свавольнікаў. Ракітны. — Ой, даскачашся, свавольнік, — Алена Антонаўка ківае.. пальцам. Жычка.

2. Свавольны чалавек; упарты, неслух. — Што ты робіш з мамаю, свавольнік! — ужо з ласкавай грозьбай гаварыла яна, і ў голасе чутны былі слёзы.. — Цябе ж траха машына не пераехала. Скрыган.

3. Несур’ёзны, легкадумны чалавек. [Гарошка:] — Не хапала, бачыце, яму [Рыгору Маркавічу], свавольніку, дзяўчат у сваім сяле, закахаўся ў беразаўчанку. Краўчанка. / у перан. ужыв. Эх, свавольнік палявы [вецер], Здзёр панаму з галавы! Калачынскі. Страшэнны штукар і свавольнік гэты Нёман. Колас.

сваво́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да свавольнік.

сваво́льніцтва, ‑а, н.

Тое, што і свавольства.

сваво́льнічанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. свавольнічаць.

сваво́льнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і сваволіць. Як і ўсе дзеці, ён [Алік] свавольнічае, дакучае непаседлівасцю. Гарбук. Свавольнічаў, маці не слухаў. Дык яна за вушы яго [Сашку] часцяком скубла. Гроднеў.