сваво́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; незак.
1. Гарэзаваць, дурэць. [Брат Зосі] куляўся па пасцелі, сваволіў. Чорны. Хацелася бегаць, сваволіць, але першы дзень заняткаў заўсёды прымушаў вучняў трымацца, як у гасцях. Колас. // перан. Бушаваць (пра стыхію). Хто спявае ў чыстым полі, Між аўсяных ніў, далін? Гэта вецер там сваволіць, Ліст страсаючы з калін. Пушча. Сваволіць стане Сож радзей, Заўважыўшы ў здзіўленні Агні сігнальныя раней, Чым першыя лілеі... Грачанікаў.
2. Рабіць у адпаведнасці са сваёй воляй, не зважаючы ні на што. У воласці Магілёўскай сваволіла шляхта, у горадзе ад яе не адставалі паны бурмістры. Шынклер. // Выступаць супраць каго‑, чаго‑н. Не з тых ён [Сомік] быў, каб сваволіць, каб выступаць супраць пэўнага парадку. Лынькоў. [Казацкі афіцэр:] — Крамольнікі! Бунтаўшчыкі! Для вас ужо царскія законы — не законы?! Сваволіць? Бунтаваць? Колас.
3. Весці сябе несур’ёзна, легкадумна; бушаваць, буяніць. [Пятрусь да Таісы:] — Ты навучылася жыць лёгка. Ты ўмееш кружыцца, сваволіць, не ведаць ніякіх турбот — як птушка. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)