Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пы́рханне 1, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пырхаць ​1.

пы́рханне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пырхаць ​2.

пы́рхаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Лёгка пералятаць з месца на месца (пра птушак, матылькоў і пад.). З галінкі на галінку пырхалі, аб нечым пісклява перамаўляліся берасцянкі. Сачанка. Несціхана шчабяталі тут [у зарасніку] птушкі, гудам гула розная машкара, танцуючы, пырхалі рознакаляровыя легкакрылыя матылькі. Якімовіч. // перан. Лёгка і хутка хадзіць, рухацца. Марынка, памыўшыся і агледзеўшыся з дарогі, мятлікам пырхала па пакоі, прыглядаючыся да ўсяго. Хадкевіч.

пы́рхаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і .. пырхаў. Колас. Вожык злосна пырхае, а пасля, мусіць, рассмакаваўшы.., пачынае хутка і часта, як кот, хлябтаць... Сачанка.

2. Разм. Смеючыся, утвараць прыглушаныя гукі. Хлопцы рагочуць. Не вытрымліваюць і дзяўчаты — пырхаюць у хусткі. Васілевіч.

3. Перарывіста, з шумам выпускаць паветра, пару, адпрацаваны газ. Далей ад гіганцкага катлавана пырхалі грузавікі з гравіем. Паслядовіч.

4. перан. Разм. Злавацца, выказваць незадавальненне кім‑, чым‑н. [Бабуля:] — Ён гэта пырхае, злуе, а пасля і сам рагоча. Брыль.

пы́рхнуць 1, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да пырхаць ​1.

пы́рхнуць 2, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Аднакр. да пырхаць ​2.

2. Разм. Выказаць незадавальненне. Ведаў [Архіп], жонка часам пырхне, скажа што і калючае, а пасля хутка адыдзе і становіцца тая ж, звычайная, незаменная. Кавалёў.