пы́рхаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Лёгка пералятаць з месца на месца (пра птушак, матылькоў і пад.). З галінкі на галінку пырхалі, аб нечым пісклява перамаўляліся берасцянкі. Сачанка. Несціхана шчабяталі тут [у зарасніку] птушкі, гудам гула розная машкара, танцуючы, пырхалі рознакаляровыя легкакрылыя матылькі. Якімовіч. // перан. Лёгка і хутка хадзіць, рухацца. Марынка, памыўшыся і агледзеўшыся з дарогі, мятлікам пырхала па пакоі, прыглядаючыся да ўсяго. Хадкевіч.
пы́рхаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. З шумам выпускаць паветра з ноздраў. Конік весела згрызаў маладую пахучую траўку і .. пырхаў. Колас. Вожык злосна пырхае, а пасля, мусіць, рассмакаваўшы.., пачынае хутка і часта, як кот, хлябтаць... Сачанка.
2. Разм. Смеючыся, утвараць прыглушаныя гукі. Хлопцы рагочуць. Не вытрымліваюць і дзяўчаты — пырхаюць у хусткі. Васілевіч.
3. Перарывіста, з шумам выпускаць паветра, пару, адпрацаваны газ. Далей ад гіганцкага катлавана пырхалі грузавікі з гравіем. Паслядовіч.
4. перан. Разм. Злавацца, выказваць незадавальненне кім‑, чым‑н. [Бабуля:] — Ён гэта пырхае, злуе, а пасля і сам рагоча. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)