Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плёснуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Плюхнуць. [Люська] ўжо ўслухоўваецца ў гукі з ракі, дзе толькі што плёснуў сом і куды ўсё гэтак жа застыгла пазірае Сабіна. Ракітны. Віхор ашалеўшы, сляпы З сіняга возера На бераг хвалямі плёснуў. Танк.

плётка 1, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Раменны, вяровачны і пад. бізун. Плёткамі пасечанае цела, Да плячэй кашуля прыкіпела, Ды жывы Данілка. Бялевіч.

плётка 2, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Неправераная або ілжывая чутка, якая перадаецца з вуснаў у вусны і звычайна шкодзіць чыёй‑н. рэпутацыі. Той такую плётку прынёс, той гэткую. Так і малолі языкамі да самага полудня. Карпюк. Пушчаная злым языком плётка, што хадакоў затрымалі за зладзейства і пасадзілі ў астрог, хутка развеялася. Пальчэўскі.

•••

Бабскія плёткі (казкі) — беспадстаўныя чуткі, нагаворы.

плёханне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. плёхаць — плёхнуць.

плёхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да плёхнуцца.

плёхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да плёхнуць.

плёхнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.

Тое, што і плюхнуцца. З жахам убачыўшы, што не здолее ўцячы, лось, як бег, з разгону плёхнуўся ў ваду і паплыў на другі бераг. Краўчанка.

плёхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Тое, што і плюхнуць. І за кустамі зноў плёхнула вада, нібы нехта ступіў нагой у лужыну. Галавач. Мікола плёхнуў вадой на твар, выцерся краем сарочкі і з поўнымі біклагамі рушыў назад. Новікаў.