Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мо́ва-пасрэ́днік, мовы-пасрэдніка, ж.

Штучная мова, якая служыць сродкам ідэнтыфікацыі граматычных катэгорый пры аўтаматычным перакладзе.

мо́віць, моўлю, мовіш, мовіць; зак.

Разм. Сказаць; вымавіць.

мо́гілкавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да могілак. Вецер гнаў нізкія хмары, разгойдваючы верхавіны дрэў за могілкавай агароджай. Галавач.

мо́гілкі, ‑лак і ‑лкаў; адз. няма.

Месца, дзе хаваюць памёршых. Слёзы на людскіх тварах мяшаліся з дажджом, і здавалася, што ўсе плачуць, усе сорак тысяч людзей, якія праводзілі забітых на могілкі. Арабей. Пішчыкаў стаяў на краі.. могілак, дзе быў выкананы дол. Алешка. // перан. Месца, куды звозіцца старая або набітая тэхніка. Вось і паравозныя могілкі. Лынькоў. На гэты раз .. [Раманенка] з цікавасцю і здавальненнем некалькі хвілін разглядаў велізарныя могілкі варожай тэхнікі. Шамякін.

мо́гільнік, ‑а, м.

1. Тое, што і могілкі. Маці памерла і была пахавана ў тым далёкім кутку могільніка пад вязамі, куды цяпер хадзіла прыцемкамі незнаёмая жанчына. Чорны.

2. Старажытныя могілкі. На месцы раскопак быў выяўлен старажытны могільнік. «Беларусь».

мо́гільнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да могільніка.

мо́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Панаванне ў пэўным грамадскім асяроддзі тых ці іншых густаў, якія праяўляюцца пераважна ў асаблівасцях адзення. Апраналася панна Ядвіга паводле апошняй моды з Вільні. Бядуля. // перан. Агульнае прызнанне, вядомасць у даны час. Мода на эстрадную песню. Мода на кнігу.

2. толькі мн. (мо́ды, мод). Навейшыя фасоны ўбораў. Часопіс мод.

3. Разм. Звычай, прывычка. Аграном колькі часу ідзе моўчкі за фурманкай. Мода ў яго такая. Б. Стральцоў.

•••

(Апошні) крык моды гл. крык.

Выйсці з моды гл. выйсці.

Мець моду гл. мець.

Увайсці ў моду гл. увайсці.

Узяць (займець, паняць) моду гл. узяць.

[Фр. mode.]

мо́длы, ‑аў.

Уст. Малітва. Маліўся дзядзька з тым разлікам, Каб кончыць модлы каля дома. Колас. Часамі .. [дзед] проста выдумляў свае ўласныя модлы, у якіх ад царкоўна-славянскай мовы не заставалася і знаку. Лужанін. // Моцная просьба, маленне. Зямля беларуская, сонечны край, Начуй нашы модлы любві! Глебка.

мо́дна, прысл.

Згодна з модай. На борце самалёта было толькі чатыры пасажыры: савецкі інжынер Міхаіл Ярохін, адзін паважаны, модна апрануты англічанін і маладая канадка з дачкой год чатырох. Шамякін. Вывесілі на вагоне аб’яву, што тут, у цырульні на колах, можна модна пастрыгчыся. Карпаў.

мо́днік, ‑а, м.

Разм. Той, хто ва ўсім прытрымліваецца моды; франт. Мяне асабліва цікавіў .. [гаспадар], бо глядзеў з партрэта на нас у капялюшыку набакір. Ну, ці ж гэта не моднік, не купалаўскі пан Быкоўскі? Пестрак.