кле́йкі, ‑ая, ‑ае.
Які склейвае, прыклейваецца; ліпкі. Клейкая гліна. □ Налёт смалістых кветак клейкіх Нам рукі склеіў на хаду. Калачынскі. Зелянеюць лугі, выкідваецца клейкі ліст на бярозе. Лынькоў.
клеймава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. клеймаваць.
клеймава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад клеймаваць.
2. у знач. прым. Які мае на сабе кляймо, з кляймом. Клеймаваная жывёла. Клеймаваная мэбля.
клеймава́ць, кляймую, кляймуеш, кляймуе; незак., каго-што.
1. Ставіць кляймо, знак на якіх‑н. прадметах, вырабах. Клеймаваць тавар. Клеймаваць палатно. // Выпальваць кляймо на скуры жывёлы. Клеймаваць коней. // Выпальваць метку на целе злачынца (у некаторых дзяржавах і ў Расіі да 1863 г.).
2. перан. Сурова асуджаць; бічаваць, ганьбаваць. Клеймаваць віноўнікаў вайны. / чым (у спалучэнні са словам «ганьба»). Сябры, сягоння наша пакаленне, Як самых чэсных, знае ўся зямля. Кляймуйце ж ганьбай тых, чыё сумленне Каштуе гэтак танна: паўрубля! Гілевіч.
клеймаўшчы́к, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца клеймаваннем чаго‑н. Клеймаўшчык абутку.
кле́йстар, ‑у, м.
Клей, прыгатаваны з мукі або крухмалу.
[Ням. Kleister.]
кле́йшчык, ‑а, м.
Той, хто займаецца клейкай, аклейваннем.