здо́льнік, ‑а, м.
Селянін, які арандаваў зямлю на правах здольшчыны.
здо́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.
1. Які мае здольнасць (у 1 знач.); які можа або ўмее што‑н. рабіць. Здольны захапляцца. □ Высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. Героі любоўнай лірыкі Танка — маральна здаровыя людзі, яны здольны на глыбокае і моцнае пачуццё. У. Калеснік.
2. Які мае здольнасці (у 2 знач.); таленавіты. Здольны артыст. Здольны інжынер. □ «Няўжо гэта праўда, што .. [Аленка] такая здольная?» — думаў Сцёпка і не хацеў даваць веры. Колас.
здо́льшчына, ‑ы, ж.
Арэнда зямлі, пры якой плата ўносіцца не грашамі, а часткай (доляй) ураджаю.
здор, ‑у, м.
Нутраное свіное сала. Мазаць бліны здорам. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў.
здо́рава, прысл.
Разм.
1. Добра, умела, па-майстэрску. Зроблена здорава.
2. Вельмі моцна. — І здорава ж бухаюць [гарматы] — ціха прамовіў Раман і сам сабе паківаў галавою. Колас. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль.
3. у знач. вык. Вельмі, надзвычай добра. — Ох, і здорава ж! Глядзіш, а ў цябе ад захаплення аж дух займае. Ракітны. — Вось гэта здорава! — не вытрымаў Рухавіты. — Значыць, самі рашылі змагацца са сваім злом? Корбан.
здо́ўжыцца, ‑жыцца; зак.
Здацца вельмі доўгім; надакучыць. Дарога гэтак здоўжылася, што здавалася, яны ехалі ўсё сваё жыццё. Сабаленка.
здо́хлы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і дохлы. Цыганаваты Шот валачэ на сабе злубянелую шкуру, якую злупіў са здохлага каня. Шкраба.
здо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. здох, ‑ла; зак.
Падохнуць, акалець (пра жывёлу, насякомых). Калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк з’есць. З нар. // Разм. груб. Памерці (пра чалавека). Каб не клін ды не мох, цясляр з голаду б здох. З нар.
•••
Воўк у лесе (за гарою) здох гл. воўк.