здзе́льны, ‑ая, ‑ае.
Заснаваны на ўліку выкананай работы, выпрацаванай прадукцыі. Здзельная аплата. Здзельная работа. Здзельная прадукцыя.
здзе́льшчык, ‑а, м.
Рабочы або служачы, які выконвае здзельную работу.
здзе́льшчына, ‑ы, ж.
Здзельная работа; сістэма здзельнай аплаты. Групавая здзельшчына. □ — Кожны бярэ па баразне, — сказаў Веньямін. — Індывідуальная здзельшчына. Навуменка.
здзеравяне́лы і здзервяне́лы, ‑ая, ‑ае.
Цвёрды, як дрэва. Здзеравянелы атожылак. // Здранцвелы, анямелы (пра часткі цела). [Васіль] зусім выбіўся з сіл, залез у снег па пояс і не можа ўжо мясіць яго здзеравянелымі нагамі. Колас. Яўхім стомлена павёў плячамі, перагнуўся трохі назад — хацеў разварушыць здзервянелую спіну. Мележ.
здзеравяне́ць і здзервяне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць цвёрдым, як дрэва. Быльнік засох і здзеравянеў. // Здранцвець, анямець (пра часткі цела). У Васіля хутка забалела спіна, здзервянелі рукі. Гаўрылкін.
здзе́рці, здзяру, здзярэш, здзярэ; здзяром, здзераце; пр. здзёр, здзерла і здзёрла; зак., што.
Тое, што і садраць. [Трахім] здзёр з паленцаў белыя скруткі бяросты і падпаліў дровы. Савіцкі. — Гэты рыжы д’ябал .. здзёр з мяне за фурманку шалёную суму. Шамякін. Эх, свавольнік палявы [вецер], Здзёр панаму з галавы! Калачынскі.
здзе́рціся, здзярэцца; пр. здзёрся, здзерлася і здзёрлася; зак.
Тое, што і садрацца. Лыка лёгка здзёрлася.