го́рачка 1, ‑а, н.
Разм. і нар.-паэт. Памянш.-ласк. да гора.
го́рачка 2, ‑і, ж.
Памянш.-ласк. да гара; горка 1.
гора-...
Іран. Першая частка складаных слоў, якая абазначае: «дрэнны», «незадачлівы», напрыклад: гора-кіраўнік, гора-тэарэтык.
горб, гарба, м.
1. Ненармальная пукатасць на спіне або на грудзях чалавека, якая ўтвараецца ад скрыўлення пазваночніка або грудной клеткі. За вайну Якім яшчэ больш падаўся, ссутуліўся, і ад гэтага горб на яго спіне здаваўся больш крутым, чым раней. Парахневіч. // Тлушчавы нараст на спіне некаторых жывёл, напрыклад вярблюда. // Разм. груб. Спіна. За жыццё памясіў я нямала балот, панасіў на гарбу я нямала турбот. Дубоўка.
2. чаго. Пукатасць, узвышэнне на якой‑н. паверхні. Дзе-нідзе на палях агаліліся рыжыя гарбы узгоркаў. Пянкрат. Крыху правей, куды вядзе аўтастрада, чарнее горб маста. Карпюк.
•••
Гнуць горб гл. гнуць.
Сваім гарбом — цяжкай працай (жыць, зарабляць, здабываць і пад.).
го́рбіцца, ‑блюся, ‑бішся, ‑біцца; незак.
1. Выгінаць спіну гарбом; сутуліцца. Ад двухпудовага рэчавага мяшка дзяўчына крыху горбілася. Карпюк. Заранік горбіўся, трос галавой, аднак хавацца пад страху не думаў. Хадкевіч.
2. Паднімацца гарбом, утвараць выпукласць. Навакол сінелі лясы і горбіліся жоўтыя ад іржышча ўзгоркі. Чорны.
го́рбіць, ‑блю, ‑біш, ‑біць; незак., што.
Выгінаць гарбом; сутуліць. А бабулька горбіць плечы, Бы з гары, зл[азіць] з печы. Бядуля.
го́рдасць, ‑і, ж.
1. Пачуццё ўласнай годнасці, павагі да сябе. — Г-э-э-э, панічок: з-пад самага Пінска прыходзяць і прыязджаюць да старой Мар’і, — з гордасцю прамовіла бабка. Колас. // Пачуццё задавальнення ад сваіх або чыіх‑н. поспехаў. Юрка адчуваў даверлівую Лёдзіну адданасць і поўніўся.. гордасцю за сябе. Карпаў.
2. Тое, чым (або той, кім) ганарацца. Гордасць і слава зямлі нашай — Простыя людзі. Куляшоў. Родная партыя — наша сумленне, Нашая гордасць і наша любоў. Бачыла.
3. Ганарыстасць, напышлівасць, фанабэрыстасць. Гордасці многа, а розуму не хапае.
го́рдзіеў, ‑ева.
У выразе: гордзіеў вузел гл. вузел.
го́рды, ‑ая, ‑ае.
1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.
2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.
го́рка 1, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Памянш. да гара (у 1, 2 знач.); невялікая гара. Катацца з горкі. Горка папер.
2. Прыстасаванне для сарціроўкі вагонаў на станцыях, якое дазваляе выкарыстоўваць сілу цяжару вагонаў для перамяшчэння іх па схіле чыгуначнага пуці. Сартавальная горка. Механізаваная горка.
го́рка 2,
1. Прысл. да горкі.
2. безас. у знач. вык. Пра адчуванне гаркоты, горкага смаку. Ад зёлак у роце горка.
3. безас. у знач. вык., каму. Пра пачуццё горычы, прыгнечаны настрой, у якім знаходзіцца хто‑н. Некалькі разоў прачытала Аленка гэты ліст. У некаторых момантах чытання ёй то было прыемна, то горка і крыўдна. Колас.
4. у знач. выкл. го́рка! Разм. Вокліч, якім за вясельным сталом просяць маладых пацалавацца. У прасторнай, ярка асветленай зале палаца гучаць вясельныя песні і чуецца традыцыйнае «горка!». Дуброўскі.
го́ркасць, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і горыч. Малая не магла ўседзець дома.., пакуль не сплыла патроху горкасць з душы. Чорны.