го́рды, ‑ая, ‑ае.

1. Надзелены пачуццём уласнай годнасці, павагі да сябе. Чалавек наш горды і шчаслівы, Будучыня свеціцца ў вачах, Бо нясе ў сабе ён беражліва Дарагія рысы Ільіча! Звонак. // Поўны пачуцця задавальнення сваімі або чыімі‑н. поспехамі. [Моладзь] была гордая свядомасцю, што зрабіла вялікую справу. Колас. Успаміны хлопчыка палоняць, За бацьку горды хлопчык наш. А. Александровіч. // Які выражае гордасць. Горды позірк. □ Паша таксама калісьці красуняй лічылася: русыя валасы на прабор, карыя вочы, гордая пастава. Лось. // перан. Узвышаны, чысты. Гордая думка пра сыноў не выходзіла з галавы. Кавалёў. Дзесьці ў глыбіні істоты ў жанчыны заварушылася гордая радасць. Чорны.

2. Ганарысты, напышлівы, фанабэрысты. Яшчэ ўчора такія гордыя і грозныя, сёння кідаліся паны на калені перад Сёмкам-матросам. Лынькоў. Ласкавае цялятка дзвюх матак ссе, а гордае — ніводнае. Прыказка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)