Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праста́та, ‑ы, ДМ ‑та́це, ж.

Спец. Няпарная залоза мужчынскага палавога апарату, размешчаная ў пачатку мочаспускальнага канала.

[Ад грэч. prostatas.]

прастата́, ы́, ДМ ‑таце́, ж.

Уласцівасць простага (у 2, 7, 8 і 11 знач.).

прастаты́т, ‑у, М ‑тыце, м.

Спец. Запаленне праста́ты.

прастаты́чны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да праста́ты.

праста́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што.

Разм. Выпрамляць, выраўноўваць. [Грасыльда:] — Помню, сядзіць мой Валодзя на ўслончыку ля грубкі з малатком — цвікі прастае. Пташнікаў. Хлопцы засяроджана і размерана прасталі бляху. Мурашка.

праста́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да прастак.

прастачо́к, ‑чка, м.

Памянш.-зніж. да прастак.

прастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.

1. Правесці які‑н. час стоячы. Гадзіны са дзве прастаяў дзядзька Марцін каля дзвярэй. Колас. Хлопцы прастаялі пад ялінай хвілін дзесяць, а мо і больш. Шашкоў. // што. Прабыць на нагах да канца чаго‑н., адстаяць. [Жанчына] прастаяла імшу, не думаючы ні пра бога, .. ні пра што іншае. Чорны. // за чым. Правесці які‑н. час на якой‑н. рабоце, якая патрабуе стаячага становішча. Прастаяць усё жыццё за станком.

2. Прабыць на стаянцы, у лагеры і пад. які‑н. час. [Лейтэнант:] — У лагерах на станцыі Друць мы цэлае лета прастаялі. Васілевіч. / Пра поезд, параход і пад. У Оршы, на забітай вагонамі станцыі, эшалон прастаяў тры дні. Навуменка.

3. Прабыць які‑н. час без дзеяння, не функцыяніруючы. — Паехалі — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. — І так доўга прастаялі. Шахавец. Замест трох дзён паравоз прастаяў у рамонце тры гадзіны! Зуб.

4. Заставацца без змен на працягу якога‑н. часу. Пагода прастаяла з месяц. // Праіснаваць які‑н. час, не разбураючыся. Пра такія хаты гавораць, што яна прастаіць вякі і ніколі не спарахнее. Хомчанка.

прасто́й, ‑ю, м.

Вымушанае бяздзеянне (рабочай сілы, механізмаў), непрадбачаны перапынак у рабоце. А галоўнае — брат Сяргей кожную раніцу аглядае машыну, таму не было ніводнага прастою. Шамякін.

прасто́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прастаяць.

прасто́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да прастою. Прастойны час.