прастая́ць, ‑стаю, ‑стаіш, ‑стаіць; зак.
1. Правесці які‑н. час стоячы. Гадзіны са дзве прастаяў дзядзька Марцін каля дзвярэй. Колас. Хлопцы прастаялі пад ялінай хвілін дзесяць, а мо і больш. Шашкоў. // што. Прабыць на нагах да канца чаго‑н., адстаяць. [Жанчына] прастаяла імшу, не думаючы ні пра бога, .. ні пра што іншае. Чорны. // за чым. Правесці які‑н. час на якой‑н. рабоце, якая патрабуе стаячага становішча. Прастаяць усё жыццё за станком.
2. Прабыць на стаянцы, у лагеры і пад. які‑н. час. [Лейтэнант:] — У лагерах на станцыі Друць мы цэлае лета прастаялі. Васілевіч. / Пра поезд, параход і пад. У Оршы, на забітай вагонамі станцыі, эшалон прастаяў тры дні. Навуменка.
3. Прабыць які‑н. час без дзеяння, не функцыяніруючы. — Паехалі — сказаў Міхась, спрытна ўскочыўшы на сядзенне трактара. — І так доўга прастаялі. Шахавец. Замест трох дзён паравоз прастаяў у рамонце тры гадзіны! Зуб.
4. Заставацца без змен на працягу якога‑н. часу. Пагода прастаяла з месяц. // Праіснаваць які‑н. час, не разбураючыся. Пра такія хаты гавораць, што яна прастаіць вякі і ніколі не спарахнее. Хомчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)