Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сярэ́браны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да серабра (у 1 знач.), звязаны з апрацоўкай серабра. Сярэбраны промысел. Сярэбраных спраў майстар. // Які мае ў сабе серабро. Сярэбраная руда.

2. Зроблены з серабра, пакрыты серабром. Маці Анатоля неўзабаве прынесла з кухні і паставіла пасярод стала на сярэбраным падносе смажаную качку. Ваданосаў. Хлор выняў з кішэні камізэлькі тоўсты сярэбраны гадзіннік. Гартны. А калі б наліла яму гаспадыня начоўкі цёплай вады, калі б яшчэ паклала туды сярэбраную паўрублёўку, .. то павесялеў бы чалавек ад такога ўжывання і адразу памаладзеў бы. Кулакоўскі. // Вытканы з сярэбраных нітак, вышыты серабром. Мураўскі ўзняў галаву і ўбачыў, што перад ім сядзіць сам пан Здраеўскі. Толькі не ў цывільнай вопратцы, у якой ён запомніў яго, а ў генеральскім мундзіры з сярэбранымі пагонамі на плячах. Машара.

3. Які колерам і бляскам нагадвае серабро. Сярэбраным ланцужком рачулка злучала два аз[я]рцы. Бядуля. // З бліскучым белым адлівам. У глыбокай тоні жыў шчупак сярэбраны З вострымі зубамі, хітры, як купец. Танк. Там на вашых вачах збяруць І матор, і сярэбраны радыятар, Да яго па малому зубру Прыпаяюць старанна дзяўчаты. Панчанка.

4. перан. Меладычна-звонкі, высокага тону (голас, смех і пад.). Дзяўчына вясёлая, многа і часта пяе прыгожыя .. песні, а голас яе — звонкі, сярэбраны. Каваль. Недзе за хвастамі самалётаў няроўнымі штуршкамі ў вышыню ўзнімаўся жаваранак. На зямлю палілася яго сярэбраная песня. Алешка.

•••

Сярэбраны блішчак гл. блішчак.

Сярэбранае вяселле гл. вяселле.

сярэбраплаві́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да выплаўкі серабра з руд. Сярэбраплавільная печ.

сярэ́дзіна, ‑ы, ж.

1. Месца, прыблізна аднолькава аддаленае ад краёў, канцоў чаго‑н.; цэнтр. Кашлянуў бацька за печкай і ўрэшце ўстаў і выйшаў на сярэдзіну хаты. Пестрак. Крочыць Чарнавус сярэдзінаю вуліцы і ўсё-такі натыкаецца на плот. Кулакоўскі. Сеў [брат] у стары човен ды паплыў на сярэдзіну возера. Якімовіч. — Вочы б мае на іх не глядзелі! — сказала Антаніна Арцёмаўна і бразнула талерку на сярэдзіну стала. Васілёнак. // Сярэдняя частка чаго‑н. Уперадзе гарэў мост. Сярэдзіна яго завалілася. Лынькоў. Сярэдзіна лесу была ўзгоркавая. Маўр. // Унутраная частка чаго‑н.; тое, што знаходзіцца дзе‑н. унутры. Агонь шугаў і з акон — хата гарэла з сярэдзіны. Новікаў. Петушонак, сагнуўшыся, прысеў над падрапаным партфелем, хуценька адшпіліў яго і палез у сярэдзіну. Пташнікаў. Сярэдзіна ў дрэва амаль выгніла, а яно ўсё стаіць. Паўлаў.

2. Час, прыблізна аднолькава аддалены ад пачатку і канца чаго‑н. [Саракушы] паляцелі на зімоўку ў Афрыку, адкуль вернуцца ў сярэдзіне мая. В. Вольскі. Бралася недзе пад сярэдзіну дня, але палуднаваць, мусіць, было ранавата. Каваленка. // Прамежкавы момант у развіцці, ходзе чаго‑н. Сярэдзіна размовы. □ Гутарка ў іх, у цырульніка і кліента, ідзе даўно, я бяру яе тут з сярэдзіны. Брыль.

3. Прамежкавая пазіцыя ў чым‑н. Прызнацца, Бывае, што салідны кіраўнік Ад крайнасці да крайнасці прывык Хістацца, — Сярэдзіны няма ў ягонай працы. Корбан.

4. Разм. Паясніца. Віктар падышоў да .. [Домны], абняў за сярэдзіну і пасадзіў сабе на калені. Лобан. Не дачакаўшыся адказу, Лях хапіў Ільку.., прыціснуў падбародак к плячу, як кляшчамі абхапіў сярэдзіну. Каваль. // (звычайна з прыназоўнікам «у»). Вантробы, нутро. [Жарнавік] так рэзнуўся аб прыдарожны камень, што аж у сярэдзіне ў яго нешта трэснула. Якімовіч. Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь у сярэдзіне каля сэрца. Колас.

•••

Залатая сярэдзіна — пра спосаб дзеянняў, пры якім пазбягаюць крайнасцей, рызыкі.

сярэ́дне, прысл.

Разм.

1. Ні добра, ні дрэнна; пасрэдна. Вучыцца сярэдне. Жыве ён сярэдне.

2. Не вышэй сярэдняга ўзроўню, нормы. [Тамара] невысокая, сярэдне для сваіх год распаўнелая, пышнагрудая — па-свойму прыгожая. Шамякін.

сярэдне..., (а таксама сярэдня...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая мае значэнні: 1) які знаходзіцца ў сярэдняй частцы чаго‑н. (краю, мясцовасці, ракі і пад.), напрыклад: сярэднееўрапейскі, сярэднедунайскі; 2) які з’яўляецца сярэднім перыядам у жыцці, гісторыі, развіцці чаго‑н., напрыклад: сярэднедэвонскі; 3) сярэдні па велічыні, па сваіх уласцівасцях, якасцях, напрыклад: сярэдневалакністы, сярэднесалёны; 4) які ўяўляе сабой сярэдняе якіх‑н. велічынь, напрыклад: сярэднеарыфметычны, сярэднестатыстычны.

сярэднеазія́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да Сярэдняй Азіі. Сярэднеазіяцкія пустыні.

сярэднебелару́скі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сярэдняй часткі Беларусі. Сярэднебеларускія гаворкі.

сярэдневяко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сярэдневякоўя. Стаўшы на ўзгорку,.. відаць: чорная вежа сярэдневяковага княжага замка, шэрая касцельная вежа. Чорны. Прыбраныя ў свае сярэдневяковыя панцыры, сяляне галоднай Хеўсурэтыі .. пакінулі вельмі несамавітае ўражанне. Самуйлёнак. // Уласцівы для сярэдневякоўя; такі, як у сярэдневякоўі. Сярэдневяковы светапогляд. Сярэдневяковае мастацтва.

сярэдневяко́ўе, ‑я, н.

Гістарычная эпоха, якая ахоплівае час ад крушэння рабаўладальніцкай Рымскай імперыі (5 ст.) да пачатку капіталізму (канец 17 ст.). Ранняе сярэдневякоўе. Класічнае сярэдневякоўе. Позняе сярэдневякоўе.

сярэднегадавы́, ‑ая, ‑ое.

Які прыпадае ў сярэднім на год; які з’яўляецца сярэдняй велічынёй, што прыпадае на год. Сярэднегадавая тэмпература. Сярэднегадавыя тэмпы росту вытворчасці.