Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

правалачы́ся, ‑лакуся, ‑лачэшся, ‑лачэцца; ‑лачомся, ‑лачацеся, ‑лакуцца; пр. правалокся, ‑лаклася, ‑лаклося; заг. правалачыся; зак.

Разм.

1. Працягнуцца волакам, не адрываючыся ад паверхні чаго‑н.; правалачыцца. Кабыла рванулася і паімчала аконама па раллі. Яна гэтак тузанулася ўбок, што аконам.. вышмаргнуў адну лагу з стрэмя і бразнуўся вобземлю. Колькі крокаў ён правалокся за кабылай па раллі, пакуль адарваўся. Чорны.

2. Павольна прайсці, праехаць.

правалачы́цца, ‑лачуся, ‑лочышся, ‑лочыцца; зак.

Разм.

1. Працягнуцца волакам, не адрываючыся ад паверхні; правалачыся.

2. Працягацца, прахадзіць доўгі час без толку. [Пацейчык] правалачыўся яшчэ суткі, баючыся і не могучы выбіцца куды хацеў бы. Чорны.

3. за кім. Разм. уст. пагард. Празаляцацца некаторы час.

правалачы́ць, ‑лачу, ‑лочыш, ‑лочыць; зак., каго-што.

Валачыць некаторы час.

права́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад праваліць ​1.

права́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і правал (у 2, 3 знач.). Між сцен усюды пустыя праваліны, ніводнага даху не відаць. Мележ. Панурыя, з пустымі правалінамі вокнаў,.. [будыніны] стаялі, як скамянелыя прывіды. Карпаў.

правалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.

1. Упасці ў якую‑н. яму. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. // Упасці куды‑н., праламаўшы паверхню ўласным цяжарам. Лёд праламаўся, .. [Міхал Тварыцкі] праваліўся па пояс у ваду. Чорны.

2. Абрушыцца, абваліцца; праламацца пад цяжарам. На ганку правалілася масніца... Мележ. У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. Колас.

3. Стаць упалымі, уваліцца (пра вочы, шчокі). У пакой зайшоў Мяснікоў. Стомлены, — відаць, ён увесь час недасыпаў — праваліліся вочы, пахудзеў. Гурскі.

4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. Планы праваліліся. // Быць раскрытым (пра падпольшчыкаў, падпольную арганізацыю). [Бачароў:] — Вядома, гарантыі даць не магу, але з палкоўнікам многія трымаюць сувязь і ніхто яшчэ не праваліўся. Новікаў. // Атрымаць нездавальняючую адзнаку на экзамене. Неўзабаве пасля вайны Вера паступала ў медыцынскі інстытут і правалілася на ўступных экзаменах. Дуброўскі.

•••

Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.

Праваліцца мне скрозь зямлю — клятвеннае запэўненне ў чым‑н.

Як скрозь зямлю праваліўся — нечакана, бясследна знік, прапаў.

правалі́ць 1, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак., каго-што.

1. Праламаць, абрушыць. Праваліць падлогу.

2. перан. Зрабіць правал (у 4 знач.). Рэкша пачынаў быў ужо баяцца, што праваліць справу, не справіцца з заданнем. Няхай. Шамоту пачалі крытыкаваць усё часцей і часцей, а на наступных выбарах яго правалілі. Дуброўскі. // Раскрыць, даць магчымасць выявіць (падпольную арганізацыю). Напароліся .. [падпольшчыкі] на правакатара, ледзь не праваліў усіх. Машара. // Атрымаць нездавальняючую ацэнку на экзамене. [Валя:] — Смех смехам, а вось я алгебру заўтра магу праваліць. Васілевіч.

правалі́ць 2, ‑валю, ‑валіш, ‑валіць; зак.

Разм. Прайсці, перамясціцца масай, у вялікай колькасці.

правало́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад правалачы.

правалту́зіцца, ‑тужуся, ‑тузішся, ‑тузіцца; зак.

Разм. Валтузіцца некаторы час. — Як мы дамовіліся ўчора? Выехаць на луг да сонца, а правалтузіліся на гэтым двары да снедання. Хадкевіч.

права́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да праваліцца.

2. Зал. да правальваць.