правалі́цца, ‑валюся, ‑валішся, ‑валіцца; зак.
1. Упасці ў якую‑н. яму. На памяці многіх жыхароў Бунтароўкі ў гэта чортава акно правалілася не адна жывёліна. Дуброўскі. // Упасці куды‑н., праламаўшы паверхню ўласным цяжарам. Лёд праламаўся, .. [Міхал Тварыцкі] праваліўся па пояс у ваду. Чорны.
2. Абрушыцца, абваліцца; праламацца пад цяжарам. На ганку правалілася масніца... Мележ. У пасялкоўца Цімоха Бабуры здарылася бяда ў хаце: у печы правалілася чарано. Колас.
3. Стаць упалымі, уваліцца (пра вочы, шчокі). У пакой зайшоў Мяснікоў. Стомлены, — відаць, ён увесь час недасыпаў — праваліліся вочы, пахудзеў. Гурскі.
4. перан. Разм. Пацярпець няўдачу ў якой‑н. справе. Планы праваліліся. // Быць раскрытым (пра падпольшчыкаў, падпольную арганізацыю). [Бачароў:] — Вядома, гарантыі даць не магу, але з палкоўнікам многія трымаюць сувязь і ніхто яшчэ не праваліўся. Новікаў. // Атрымаць нездавальняючую адзнаку на экзамене. Неўзабаве пасля вайны Вера паступала ў медыцынскі інстытут і правалілася на ўступных экзаменах. Дуброўскі.
•••
Гатоў скрозь зямлю праваліцца гл. гатовы.
Праваліцца мне скрозь зямлю — клятвеннае запэўненне ў чым‑н.
Як скрозь зямлю праваліўся — нечакана, бясследна знік, прапаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)