Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

плата́навы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да платана. // Зроблены з платану.

2. у знач. наз. плата́навыя, ‑ых. Сямейства насенных кветкавых раслін, да якіх адносіцца платан, чынара і інш.

платані́зм, ‑у, м.

1. Ідэалістычнае філасофскае вучэнне старажытнагрэчаскага філосафа Платона і яго паслядоўнікаў, заснаванае на тым, што рэальны зменлівы свет прыродных рэчаў з’яўляецца толькі слабым адбіткам нязменнага свету вечных ідэй.

2. Адсутнасць пачуццёвасці, чыста духоўная цяга да каго‑н. // перан. Адсутнасць якіх‑н. практычных мэт; нерэальнасць.

платані́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да платанізму (у 1 знач.).

2. Заснаваны на адсутнасці пачуццёвасці, чыста духоўны. Платанічнае каханне.

3. Які нельга здзейсніць; нерэальны. Платанічныя мары.

пла́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць платнага. Платнасць навучання.

пла́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які даецца за плату, падлягае аплаце. Улічваючы новыя абставіны, у праграму гімназіі былі ўключаны польская мова і літаратура. Навучанне платнае — 15 злотых у месяц. С. Александровіч. Які атрымлівае грашовую ўзнагароду, плату за сваю работу. Платны работнік. // Звязаны з атрыманнем грашовай узнагароды, платы. Платная пасада.

2. Разм. Які карыстаецца чым‑н. за плату, павінен уносіць плату. А вучні з чыгункі былі платныя, складалі, такім чынам, даход настаўніку. Колас.

плато́, нескл., н.

Невялікая раўніна, узнятая над узроўнем мора на 200 м і вышэй. Тут, далей ад ракі, на шырокім зорным плато, якое пануе над старым горадам, будуюцца цэлыя ансамблі пяціпавярховых гмахаў новых жылых раёнаў. В. Вольскі.

[Фр. plateau.]

плато́нік, ‑а, м.

Паслядоўнік Платона.

платфо́рма, ‑ы, ж.

1. Роўная бетонная, каменная і пад. пляцоўка ўздоўж чыгуначнага палатна на станцыі; перон. Тым часам падыходзіў таварны поезд. Сухавараў і настаўнік выйшлі на платформу. Колас. Кузьма і Марына перайшлі на першую платформу і спыніліся ля кіёска. Корбан. // Узвышаная пляцоўка наогул.

2. Невялікая чыгуначная станцыя; паўстанак.

3. Таварны вагон з невысокімі бартамі без даху. Падышоў і гружаны цягнік: жалезныя платформы з гарматамі, танкамі, некалькі закрытых вагонаў, з дзесятак цыстэрнаў. Лынькоў. Дзе ў вагоне, дзе на платформе, дзе на машыне, дзе пехатою, але Вера цяпер ужо цвёрда вырашыла дабірацца да Варонежа. Кулакоўскі.

4. Вялікая вобласць зямной кары, якой ўласціва малая інтэнсіўнасць тэктанічных рухаў і магматычных праяўленняў.

5. перан. Праграма дзеянняў, сістэма поглядаў, палітычных патрабаванняў якой‑н. партыі, групы. Палітычная платформа.

[Фр. plate-forme.]

плаў, плава, м.

У выразе: на плаве — у стане плавання, на вадзе.

плаўба́за, ‑ы, ж.

Марское судна, прызначанае для прыёму і перапрацоўкі рыбы і інш. прадуктаў марскога промыслу, а таксама для забеспячэння і абслугоўвання прамысловых суднаў; дапаможнае судна, якое забяспечвае базіраванне злучэнняў караблёў; плавучая база.