Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

клісці́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да клісціру. Клісцірная трубка.

кліч, ‑у, м.

1. Заклік. Як гром пранёсся кліч: — Таварыш, прэч цара! — Далоў вайну! А. Александровіч. Над краінай прагучаў баявы кліч: усё для фронту! Данілевіч.

2. Крык, вокліч. — Трывога! — узвіўся над лагерам кліч. Мележ. Аднекуль паляцела безліч чаек і сваім сумным клічам абудзіла наваколле. Броўка.

•••

Кінуць кліч гл. кінуць.

клі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Імя, якое даюць свойскай жывёле. Аднаму каню, высокаму і худому, хлопцы ніяк не маглі прыдумаць клічку. — Дон Кіхот! — усклікнуў адзін з іх на ўсю канюшню. Няхай. // Мянушка, якую даюць чалавеку (для жарту, насмешкі, у канспіратыўных мэтах і пад.). Гэта быў адзін з майстроў вялікіх, Звалі яго Люцыян Таполя, А па клічцы проста Багароб. Танк. — У падполлі нельга карыстацца ўласнымі прозвішчамі. Трэба прыдумаць клічкі. Новікаў.

клі́чнік, ‑а, м.

Знак прыпынку (!), які ставіцца ў канцы клічнага сказа.

клі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выражае заклік, загад і розныя пачуцці. Клічны сказ. Клічная інтанацыя.

2. Які выражае зварот да асобы, прадмета (пра форму, склон назоўніка). Клічны склон.

клішэ́, нескл., н.

1. Рэльефны рысунак, чарцёж, план і пад., зроблены на металічнай або драўлянай дошцы для ўзнаўлення ў друку. Цынкавае клішэ.

2. Хадзячы выраз, збітая фраза.

[Фр. cliché.]

кло́мля, ‑і, ж.

Абл. Рыбацкая снасць накшталт трохвугольнай прызмы, абцягнутай сеткай, з адкрытай бакавой гранню; сак. У кломлю больш трапляла зялёнай, мяккай ціны, .. як той рыбы. Мележ.

клоп, клапа, м.

Невялікае насякомае-паразіт, якое корміцца кроўю жывёл і чалавека. Пасцельны клоп. // Наземнае або воднае насякомае-паразіт. Раслінаедны клоп.

•••

Карміць клапоў гл. карміць.

кло́пат, ‑у, М ‑паце, м.

1. Неспакойная думка пра што‑н.; сканцэнтраванасць думак над ажыццяўленнем чаго‑н. Набліжалася сяўба жыта, і Андрэй ад клопатаў і турбот не знаходзіў сабе месца. Чарнышэвіч. // з інф. Задача, справа. І клопат мой — дапамагчы Зямлі ў вялікай справе: Перакаваць хутчэй мячы На кельмы і аралы. Кляўко. Першы клопат хлебаробаў раёна — барацьба за выкананне прынятых абавязацельстваў. «Звязда».

2. Увага да патрэб і запатрабаванняў каго‑н. Праявіць клопат. Дзякаваць за клопаты. Клопаты партыі аб дабрабыце працоўных. // звычайна мн. (кло́паты, ‑аў). Турботы, справы. У Наталлі, як звычайна ў гаспадыні ў святочны дзень, было безліч дробных клопатаў па гаспадарцы: то заслаць, то прыбраць, то выцерці пыл, то падумаць, што згатаваць паесці. Скрыган. Не мела баба клопату — купіла парася. Прыказка.

3. Трывожны стан; непакой, хваляванне. Клопат не адступае, трывожыць — трэба прарывацца, чакаць нельга — заўтра зрабіць гэта будзе цяжэй. Праціўнік яшчэ не ўмацаваўся, не ў поўнай сіле. Мележ.

•••

Вялікі клопат (іран.) — пра тое, што не заслугоўвае ніякай увагі.

Не было клопату гл. быць.

кло́пфер, ‑а, м.

Спец. Тэлеграфны апарат для прыёму сігналаў азбукі Морзе на слых.

[Ням. Klopfer.]