Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здо́льшчына, ‑ы, ж.

Арэнда зямлі, пры якой плата ўносіцца не грашамі, а часткай (доляй) ураджаю.

здор, ‑у, м.

Нутраное свіное сала. Мазаць бліны здорам. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў.

здо́рава, прысл.

Разм.

1. Добра, умела, па-майстэрску. Зроблена здорава.

2. Вельмі моцна. — І здорава ж бухаюць [гарматы] — ціха прамовіў Раман і сам сабе паківаў галавою. Колас. Асабліва здорава, зусім па-хатняму, пахла ў зямлянцы цыбуля. Брыль.

3. у знач. вык. Вельмі, надзвычай добра. — Ох, і здорава ж! Глядзіш, а ў цябе ад захаплення аж дух займае. Ракітны. — Вось гэта здорава! — не вытрымаў Рухавіты. — Значыць, самі рашылі змагацца са сваім злом? Корбан.

здо́ўжвацца, ‑аецца.

Незак. да здоўжыцца.

здо́ўжыцца, ‑жыцца; зак.

Здацца вельмі доўгім; надакучыць. Дарога гэтак здоўжылася, што здавалася, яны ехалі ўсё сваё жыццё. Сабаленка.

здо́хлы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дохлы. Цыганаваты Шот валачэ на сабе злубянелую шкуру, якую злупіў са здохлага каня. Шкраба.

здо́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. здох, ‑ла; зак.

Падохнуць, акалець (пра жывёлу, насякомых). Калі жарабятка ўродзіцца з лысінкаю, то яно ці здохне, ці яго воўк з’есць. З нар. // Разм. груб. Памерці (пра чалавека). Каб не клін ды не мох, цясляр з голаду б здох. З нар.

•••

Воўк у лесе (за гарою) здох гл. воўк.

здрабне́лы, ‑ая, ‑ае.

Які здрабнеў; дробны, схуднелы, нязначны. Здрабнелы твар. Здрабнелая жывёла. □ Мастак адказвае за кожнае слова, за кожную коску, ён павінен помніць, што літаратура не церпіць дробных тэм, здрабнелых пачуццяў, бяздумнага апісальніцтва. Грахоўскі.

здрабне́нне 1, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. здрабнець. Здрабненне плямён. Здрабненне жывёлы.

здрабне́нне 2, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. здрабняць — здрабніць. Здрабненне кармоў. Здрабненне сіласнай масы.

здрабне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць дробным, драбнейшым (па велічыні, памерах). І ўдалечыні ўсё адсунулася назад, здрабнела і ледзь віднелася праз белую смугу зімовага дня. Чарнышэвіч. Вецер пачаў сунімацца, дождж здрабнеў, і ў небе крыху пасвятлела. Ляўданскі. // Схуднець, змізарнець. Твар здрабнеў.

2. перан. Страціць значнасць, стаць менш істотным. Работу сваю Марына палюбіла і праз нейкі месяц зразумела, што .. адразу здрабнелі ўсе іншыя інтарэсы. Грамовіч.