прасла́віцца, ‑слаўлюся, ‑славішся, ‑славіцца; зак.
1. Стаць вядомым, славутым; дабіцца славы. Праславіўся дзед Талаш на ўсю Высокую Рудню. Колас. Яе зоркім паглядам, не постаццю гнуткай Праславіўся хлопец, — Праславілі рукі! Броўка.
2. Набыць дрэнную славу, дрэнную рэпутацыю. — Вунь за тым паркам — палац былога душагуба, царскага генерала Антропава, што праславіўся сваёй жорсткасцю з бяззбройным народам. Асіпенка.
прасла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць зак., каго-што.
1. Зрабіць вядомым, славутым. — У часе вайны з фашысцкай Германіяй многія выхаванцы нашай школы праславілі сябе гераічнымі подзвігамі. Мікуліч.
2. Стварыць каму‑, чаму‑н. славу, папулярнасць, адлюстраваўшы ў мастацкім ці якім‑н. іншым творы. Праславіць у вершах народ. □ Я хачу праславіць у магутным гімне Дзень камунізма залаты. Танк. Ідэю падказала само жыццё і рэвалюцыйнае сумленне паэта: праславіць рыбацка-сялянскае паўстанне над Нараччу і гэтым самым узняць дух барацьбы ва ўсёй Заходняй Беларусі. У. Калеснік.
3. Іран. Распаўсюдзіць пра каго‑н. нядобрым звесткі, плёткі; абняславіць.
праславу́ты, ‑ая, ‑ае.
Іран. Які выклікаў многа размоў, нашумеў.
праславя́нскі, ‑ая, ‑ае.
Які належыць да старажытнага, агульнага для ўсіх славян перыяду іх гісторыі. Праславянская мова.
праслаі́цца, ‑слоіцца; зак.
Размясціцца слаямі, аказацца складзеным з пластоў. Мяса праслаілася салам.
праслаі́ць, ‑слаю, ‑слоіш, ‑слоіць; зак., што.
Пракласці слаямі чаго‑н., накласці адзін слой на другі. Праслаіць торт варэннем.
прасланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Разм. Сланяцца некаторы час. Прасланяцца з кута ў кут цэлы дзень.
праслаўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. праслаўляць — праславіць (у 1, 2 знач.) і стан паводле дзеясл. праслаўляцца — праславіцца (у 1 знач.).
прасла́ўлены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад праславіць.
2. у знач. прым. Славуты, які заслугоўвае славы. Праслаўлены пісьменнік. Праслаўлены герой.
праслаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Незак. да праславіцца.
2. Зал. да праслаўляць.