Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

чарто́ўскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да чорта. Чартоўскае насланнё. □ Увішны-то увішны, але калі браць на маштабы, дык напроці .. [Сёмкі Фартушніка] Хурс, напрыклад, быў увішны не як чорт, а як сам старшыня ўсяго чартоўскага кодлішча. Чорны. // Такі, як у чорта; злы.

2. Пракляты, ненавісны, страшэнны. І хочацца вельмі Андрэю шпурнуць Гранату ў чартоўскую гэтую хату. А следам за ёй і другую гранату. Зарыцкі.

3. Разм. Незвычайна моцны, вялікі па ступені праяўлення. Чартоўская вышыня. Чартоўская хуткасць.

чарты́зм, ‑у, м.

Гіст. Масавы рэвалюцыйны рух англійскіх рабочых у 30–40 гг. 19 ст. за палітычныя правы і паляпшэнне эканамічнага становішча.

[Ад англ. chartism.]

чарты́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Гіст. Прыхільнік, удзельнік чартызму.

чарты́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Гіст. Які мае адносіны да чартызму. Чартысцкія погляды. Чартысцкі рух.

чартыха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм. Лаяцца, упамінаючы чорта.

чартыхну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Разм. Аднакр. да чартыхацца.

чарцёж, ‑цяжа, м.

Умоўнае, выкананае паводле пэўных правіл, графічнае адлюстраванне чаго‑н. (збудавання, дэталі, агрэгата і пад.). Крэмень разгарнуў скрутак ватмана. Гэта быў чарцёж новага блока. Лукша.

чарцёжнік, ‑а, м.

Спецыяліст па чарчэнню, па выкананню чарцёжных работ.

чарцёжніца, ‑ы, ж.

Жан. да чарцёжнік.

чарцёжны, ‑ая, ‑ае.

1. Прызначаны для чарчэння. Чарцёжны стол. Чарцёжная лінейка. □ Юрку трэба было яшчэ купіць гатавальню, чарцёжную дошку, лагарыфмічную лінейку. Карпаў.

2. у знач. наз. чарцёжная, ‑ай, ж. Памяшканне, спецыяльна абсталяванае для чарчэння; майстэрня, дзе робяць чарцяжы. Хлопцы праводзілі ў чарцёжнай па дванаццаць гадзін. Шамякін.