спаласава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спаласаваць.
2. у знач. прым. Зрэзаны чым‑н. вострым, знявечаны шрамамі. Хаця гэта і не па сарцавіне, а па тоўстай .. кары, але ўсё адно рэжа па сэрцы гэты выгляд спісанага, спаласаванага дрэва. Караткевіч.
спаласава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак.
1. што. Спярэсціць палосамі што‑н., парэзаць на палосы. Спаласаваць матэрыял. □ На захадзе над лесам вострыя чырвоныя пісягі спаласавалі небакрай — там зайшло сонца. Пташнікаў. // перан. Перасячы што‑н. у розных кірунках; пакінуць след у выглядзе палос. Двор удоўж і ўпоперак спаласавалі сляды лыж і санак. Хомчанка. Такое ўражанне было ад глыбокіх, не па гадах, маршчын, што спаласавалі лоб, ляглі пад вачамі. Ваданосаў.
2. каго. Пабіць моцна (пугай, бізуном), пакінуўшы на целе рубцы, шрамы, палосы. Так спаласавалі хлопца папругамі, што месца жывога не пакінулі. Лынькоў. [Рыгор:] А ці памятаеш, пане Рытвінскі, як ты мяне спаласаваў бізуном, што на мне ніводнага жывога месца не асталося. Чорны.
спаласка́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спаласкаць.
спаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.
1. Абмыць, змыць (гразь, бруд і пад.). Ён [паэт] можа перуны выкрасаць з яснага неба, ліўнямі смугу спаласкаць, вясёлкай раку вычарпаць, травамі, дрэвамі заспяваць. Бялевіч.
2. безас. Разм. Пра стан змучанасці, змардаванасці пры паносе. Яго так спаласкала.
спаласну́ты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад спаласнуць.
спаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Памыцца, змыць з сябе пыл, пот. — Вунь цэлы чыгун цёплай вады за заслонкай, вазьмі ды спаласніся ў ахвоту. Кулакоўскі. // Злёгку абмыцца. — Трохі спаласнёмся, — махнуў рукою Пецька. — Гэтыя дні мы папрацавалі. Мыслівец. // Абліць сябе вадою, акунуцца ў ваду. Нават пад соснамі сонца высушыла апошнюю расу на траве і так прыпякае, што хоць бягом бяжы на Мінскае мора, каб хоць адзін разок нырнуць ці спаласнуцца вадою. Мыслівец.
спаласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Злёгку абмыць; апаласнуць. Шура падбег да вадакачкі, спаласнуў банку вадой — не памагло. Ставер. Саша праспаў ледзь не дзве гадзіны, а калі ўстаў, спаласнуў твар вадой і выйшаў на двор. Навуменка.
спалатне́лы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які стаў бледным, падобным на палатно (ад спалоху і пад.). Спалатнелыя твары здаваліся шэрымі, а вочы глядзелі долу. Грахоўскі. Я стаю спалатнелы, пазіраю на хворага і не ведаю, што мне рабіць. Асіпенка.
спалатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Разм. Стаць бледным, падобным на палатно (ад спалоху і пад.). Немец спалатнеў і пачаў паднімаць рукі ўгору. Грахоўскі. Твар.. [Надзі] зусім спалатнеў, пальцы сутаргава скамечылі хустку, што была накінута на плечы. Шамякін.
спале́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. спаліць (у 1 знач.).