пласці́начнік, ‑а, м.
Спец. Від грыба, у якога на ніжнім баку шапачкі расходзяцца праменепадобныя пласцінкі.
пласці́начны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пласцінкі.
пласцініставу́сыя, ‑ых.
Сямейства жукоў з вусікамі ў выглядзе пласцінак.
пласціністадзю́быя, ‑ых.
Атрад вадаплаўных птушак з пласцінкамі на баках дзюбы і плавальнымі перапонкамі на лапах.
пласціністажа́бравыя, ‑ых.
Клас малюскаў, якія замест жабраў маюць жабравыя пласцінкі.
пласці́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Памянш. да пласціна. Добра вытачаныя пласцінкі з касцей маманта ўпрыгожваюць адзенне. В. Вольскі.
2. Дыск з пластычнага матэрыялу з гукавым запісам для прайгравання. Там у падарунках былі настольны гадзіннік, патэфон з наборам пласцінак і паляўнічая стрэльба. Кавалёў.
3. Шкло, пакрытае святлочуллівым слоем для фатаграфічных здымкаў. Фатаграфічная пласцінка.
4. Спец. Плоская частка ліста ў раслін. Ліставыя пласцінкі.
5. Спец. Складка на ніжнім баку шапачкі ў некаторых грыбоў.
•••
Крывяныя пласцінкі — элементы крыві млекакормячых, якія маюць здольнасць згушчаць кроў.
Змяніць пласцінку гл. змяніць.
пласці́ннік, ‑а, м.
Спец. Тое, што і пласціначнік.
пла́та, ‑ы, ДМ плаце, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. плаціць; выплата. Плата даўгоў.
2. Узнагарода за працу, службу. [Багуцкі:] — Я прывык за добрую работу атрымліваць добрую плату. Лынькоў. Чым дакладней выходзіла работа, тым меншую плату назначаў Лапко. Колас.
3. Грашовая кампенсацыя за карыстанне чым‑н. Плата за кватэру. // перан. Тая або іншая ўзнагарода, аддача за што‑н. Гэта была шайка паліцаяў, якія, баючыся атрымаць належную плату за сваю службу немцам, цяпер туляліся па цёмных кутках. Васілевіч.
•••
Заработная плата — плата за работу па найму.
Рэальная заработная плата — пакупная здольнасць заработнай платы.
плата́н, ‑а і ‑у, м.
1. ‑а. Вялікае дрэва сямейства платанавых з зеленавата-шэрай карой і шырокімі лісцямі. Іду між кедраў і платанаў, На іхні рост дзіўлюся я. Броўка. Платан прыкрываў амаль усю прыбярэжную касу халаднаватым ценем. Хомчанка.
2. ‑у, толькі адз. Драўніна гэтага дрэва.
[Лац. platanus.]