Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

здо́брыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

Разм. Праявіць дабрату, злітавацца над. кім‑, чым‑н.

здо́быч, ‑ы, ж.

Разм. Здабыча.

здо́ены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад здаіць.

здой, здою, м.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. здойваць — здаіць.

здо́йвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да здойваць.

здо́йваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да здаіць.

здо́лець, ‑ею, ‑ееш, ‑ее і здале́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. з інф. Быць у стане зрабіць, выканаць што‑н. [Таня] ведала; каб яна здолела расказаць усё шчыра бацьку, ёй адразу было б лягчэй, яна адразу адчула б сябе дома. Шамякін. Вее крыл узмах На прасторы сінім, Мы пракласці шлях Здолеем, асілім. Пушча.

2. з інф. Атрымаць магчымасць зрабіць што‑н. пры пэўных абставінах. Цяпер, стоячы над калонамі людзей, чалавек здолеў сказаць моцныя словы пра задачы і патрэбы ўсіх тых, што сабраліся тут. Чорны. — У нас сёння на які сеанс білеты? На дзесяць трыццаць? Ну дык вось, я не здолею пайсці. Васілёнак.

3. каго-што. Адолець, асіліць, змагчы. Мілая моладзь, слаўная моладзь Нашай бязмежнай краіны! Горы і мора можаш ты здолець, Сэрцам расплавіць ільдзіны. Купала. // перан. Цалкам завалодаць (пра фізічны стан). У палатцы пад ялінай Сон здалеў, схіліў Марата, Задрамаў, заснуў хлапчына. Шушкевіч.

здо́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць, асаблівасць каго‑н., што праяўляецца ў якой‑н. дзейснасці, учынках і пад.; уменне рабіць што‑н., весці сябе якім‑н. чынам і пад. Здольнасць рухацца. Разумовыя здольнасці. □ Да гэтага ж часу ніхто не ведаў аб ваяцкіх здольнасцях дзеда Талаша. Колас. За гэткія свае здольнасці збіраць і разносіць навіны .. [Тодара] ў вёсцы празвалі Поштай. Крапіва. // Стан, якасць каго‑, чаго‑н., неабходныя для здзяйснення чаго‑н. або выкарыстання якім‑н. чынам. Прапускная здольнасць дарог. Пакупная здольнасць насельніцтва.

2. звычайна мн. (здо́льнасці, ‑ей). Прыродныя схільнасці да занятку чым‑н.; дар, талент. Музычныя здольнасці. Здольнасці да матэматыкі.

здо́льнік, ‑а, м.

Селянін, які арандаваў зямлю на правах здольшчыны.

здо́льны, ‑ая, ‑ае; ‑лен, ‑льна.

1. Які мае здольнасць (у 1 знач.); які можа або ўмее што‑н. рабіць. Здольны захапляцца. □ Высокі, спрытны, стройны, да работы ўсякай здольны. Дубоўка. Героі любоўнай лірыкі Танка — маральна здаровыя людзі, яны здольны на глыбокае і моцнае пачуццё. У. Калеснік.

2. Які мае здольнасці (у 2 знач.); таленавіты. Здольны артыст. Здольны інжынер. □ «Няўжо гэта праўда, што .. [Аленка] такая здольная?» — думаў Сцёпка і не хацеў даваць веры. Колас.