Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шы́цік, ‑а, м.

Разм. Маленькі рачны чарвячок, які жыве ў рухомым доміку-трубачцы, зробленым з пясчынак, кавалачкаў кары, дробных ракавінак. Сказаў .. [дзед] пра гэта раніцай, і я ўвесь дзень не ведаў спакою: накапаў чарвякоў, у ручаі назбіраў шыцікаў, разоў дзесяць, можа, перамотваў лёску. Хомчанка. Іх мы называлі хто як: хто сыцікі, хто шыцікі, а хто проста вадзяныя чарвячкі. Дайліда.

шы́цца 1, шыюся, шыешся, шыецца; незак.

Разм.

1. Лезці, ісці і пад. у якое‑н. вузкае месца; туды, дзе цесна, шчытна. — Лявон крайні, — выгуквае сіпла гаспадар шапкі-кучомкі і .. шыецца ў натоўп. Кухараў. Адбіваючыся ад сабакі, Гамыра шыўся глыбей у хмыз. Колас. Дзед Трахім, які нешта рабіў у гумне і забавіўся, выйшаў, калі хлапчукі сама шыліся пад снапы. Паўлаў. // Хавацца куды‑н. Капрал наш, забыўшыся на думку пра Берлін, шыецца тварам у траву і, час ад часу, наслепа крычыць: «Агонь!» Брыль. Маланкі ў поўнач рассякалі хмары, І шыліся ў падстрэшша кажаны. Грахоўскі. Рабіў ён [шпачок] гэта смешна: шыўся ў траву галавой, не вельмі, аднак, дбаючы пра свой куртаты, карычняваты хвост. Асіпенка. // Ісці, рухацца, перамяшчацца куды‑н. Стары надзяе шапку і шыецца да дзвярэй. Мурашка. // Залазіць, забівацца, пранікаць куды‑н. [Снег] шыўся ў рукавы і за каўнер. Алешка. Золь зябка хапае за плечы, прабіраецца праз дзіравыя боты, шыецца ва ўсе складкі пацёртага шыняля. Лынькоў. / у перан. ужыв. Галасы.. [паравозаў], напоўненыя трывогай і адчаем, плавалі па-над горадам, запаўнялі вуліцы, і завулкі, і двары, шыліся ў шчыліны [акон]. Галавач. // Пралягаць, праходзіць праз што‑н. шчыльнае. Сцежка шылася праз крапіву і лопух. Адамчык.

2. перан. Старацца быць падобным на каго‑н., прыкідвацца кім‑н. [Драздовіч:] — Прыеліся ўжо «конскія партрэты» ды «саўкі», што шыюцца ў дурні. Машара.

шы́цца 2, шыецца; незак.

1. Вырабляцца шыццём. Каця хадзіла ў шараварах і шырокай, як звычайна шыюцца начныя сарочкі, мешкаватай сукенцы. Васілевіч. Ватнікі, праўда, былі караткаватыя, а гімнасцёрка шылася як бы на волата. Навуменка.

2. безас. Разм. Пра жаданне або магчымасць шыць. Мне сёння не шыецца.

3. Зал. да шыць.

шыццё, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. шыць (у 1, 3 знач.).

2. Тое, што шыюць ці сшытае. Тут жа сядзела і пані падлоўчая, таксама з шыццём у руках. Колас.

шыць, шыю, шыеш, шые; незак.

1. што і без дап. Змацоўваць, злучаць ніткай краі тканіны, скуры і пад. пры вырабе адзення, абутку і пад.; вырабляць што‑н. такім чынам. Шыць на машыне. □ Таня .. сядзела каля акна, шыла сарочку. Шамякін. [Гірня] ўмеў цяслярыць, сталярыць, трохі слясарыць і нават шыць боты. Кулакоўскі. // Займацца вырабам адзення, абутку і пад. як прафесіяй, рамяством. Вось гэты самы «брат Міша» згадзіўся вучыцца .. шыць і шые ўжо другую зіму. Брыль. // Спец. Змацоўваючы лісты паперы дротам, ніткамі і пад., вырабляць што‑н. Шыць сшыткі. Шыць кнігу.

2. Разм. Заказваць, вырабляць адзенне ў каго‑н., дзе‑н. Шыць у атэлье. □ [Варанец:] — Шылі мы раз вунь аж у Міждуб’і. Крапіва.

3. Вышываць, расшываць. Шыць гладдзю. Шыць шоўкам.

4. што. Спец. Прымацоўваючы рэйкі да шпал, пракладваць чыгунку. Шыць чыгунку.

5. што. Спец. Прымацоўваць, змацоўваць дошкі цвікамі, шпонамі і пад. Шыць плыты.

•••

Шыць на жывую нітку — а) ненадзейна, не замацоўваючы ніткі, шыць, сшываць і пад. што‑н.; б) наспех, як папала.

Шыць нападрост — шыць з запасам, з разлікам на рост.

шыш, ‑а, м.

Разм.

1. Тое, што і кукіш. Заробіш чын, здабудзеш крыж, А смерць пакажа табе шыш. Колас.

2. перан. Нічога; поўная адсутнасць чаго‑н. — Бо як стануць панскую зямлю дзяліць, — кажуць яны [вяскоўцы], — дык нам шыш застанецца. Машара.

•••

Ні шыша — нічога. — То ў які бок цягнуць [антэну]? — Так бы і спытаўся адразу! А то бярэцца яшчэ, ні шыша не разумеючы! Карпюк.

шыша́к 1, ‑а, м.

1. Тое, што і гронка. Шышак вінаграду.

2. Разм. Патаўшчэнне ў выглядзе шышкі на сцёблах некаторых раслін. У балотцы зімой мы корпаліся паміж высокіх купін, ламалі тугія шышакі, што раслі сярод густога чароту. Даніленка.

3. Вялікая колькасць насякомых, якія сабраліся ў адзін ком. Шышак пчол.

шыша́к 2, ‑а, м.

Старажытны воінскі шлем, які заканчваўся вастрыём з шышкай наверсе. // Верхняя частка гэтага шлема, якая мае выгляд шышкі. На самым шышаку шлема — дзірачка, яе зрабіла белагвардзейская куля. Хомчанка.

шы́шачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Памянш.-ласк. да шышка (у 1, 3 і 4 знач.); невялікая шышка.

шы́шачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шышкі. [Дзятлы] шапацелі карой і сыпалі з хвой шышачную луску на чысцюткую белізну маладой парошы. Ракітны.

шы́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

1. Прадаўгаватае суквецце хваёвых і некаторых іншых раслін, пакрытае луской. На лясной дарозе, пад старой разлапістай сасной, ляжаць апалыя шышкі. Ігнаценка. Злева, зарослы сівай мятліцай, зялёным лопухам з калючымі шышкамі, ляжаў земляны вал старажытнай крэпасці. Грамовіч. // Плод або гронкі пладоў некаторых раслін, якія формай, знешнім выглядам нагадваюць такое суквецце. Врусніц было многа, яны віселі на куп’і шышкамі, як авечыя хвасты, бурыя ад густога сонца. Пташнікаў.

2. Круглы бугор на целе чалавека, жывёлы; гуз. А шышка ўсё ж падскочыла [ў Артура] на лысіне. Гроднеў. Ад першай да апошняй старонкі героі падалі з лодкі, набівалі шышкі, загледжваліся на дзяўчат, грузлі ў балоце. «Звязда». // Выпуклая няроўнасць, бугор на паверхні чэрапа, якія быццам бы (паводле фрэналогіі) паказваюць на ўласцівасці, здольнасці, схільнасці чалавека. Ды вы зірніце на ягоны [Яшкаў] лоб, Якія мудрыя дзве шышкі! Валасевіч.

3. Разм. іран. Пра якую‑н. важную асобу. Тут быў і начальнік дэпо, і некаторае дарожнае начальства, усе вялікія шышкі на чыгунцы. Лынькоў. — А сам ты хто? У якім жа чыне? — Вартую двор! Вартую сад! — Ці чулі вы?! От гэта шышка!.. Бялевіч.

4. Патаўшчэнне авальнай ці акруглай формы на канцы, вярхушцы якога‑н. прадмета, звычайна для ўпрыгожання. Шлем з шышкай.

шышкава́тасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць шышкаватага.

2. Спец. Наяўнасць патаўшчэнняў па паверхні пражы, тканіны як дэфект.