Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

слёзка, ‑і, ДМ ‑зцы, ж.

1. Памянш.-ласк. да сляза (у 1, 2 і 4 знач.). Дзяўчынка к хлопчыку нагнулася і, слёзкі Сціраючы яму, штось пачала казаць. Багдановіч.

2. толькі мн. (слёзкі, ‑зак). Злакавая расліна з суквеццем, якое складаецца з буйных каласкоў; дрыжнік. І мядунка і герань, Слёзкі, мята, кашка! Сто букетаў назбіраць Тут за дзень няцяжка. Гілевіч. На світанні выходзіць за вёску Па іскрыстай халоднай расе, І чабор, і рамонкі, і слёзкі У прыполе дадому нясе. Грахоўскі.

слёзна, прысл.

Са слязамі. І плача, плача горка і слёзна, ніяк не могучы паверыць, што бачыла сына ў той дзень апошні раз. Сачанка. // Умольна прасіць аб чым‑н. Штаб корпуса слёзна маліў аб дапамозе. Мележ. — Пусціце мяне, дзядзечка, я забыў у вагоне свой куфэрак, — слёзна прасіў я чалавека. Сабаленка. / у вобразным ужыв. Паглядае восень слёзна З засені лясной. Прыходзька. Плачуць слёзна капяжы: — Вецер, ты хоць памажы, Разгані нам хмару, Цёмную пачвару. Хведаровіч.

слёзны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да выдзялення слёз. Слёзныя залозы. Слёзны канал.

2. Які мае адносіны да слёз. На хударлявых скронях чарнелі сляды слёзных рагаў. Гартны. Што з табою, галубка? Чаму твае вочы заслаў слёзны туман? Кірэенка.

3. Напоўнены слязамі. Апейка перахапіў слёзны позірк дзяўчыны. Мележ.

4. Які імкнецца разжаліць, расчуліць каго‑н., жаласны. Слёзная просьба. □ Галя чытала слёзны бацькаў ліст, і ў самой нагарнуліся слёзы. Сабаленка.

5. Набыты цяжкай працай; няшчасны. Каролек не хацеў пазычаць грошы — парабчанскія .. слёзныя капейкі. С. Александровіч.

слібізава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. слібізаваць.

слібізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; незак., што і без дап.

Разм. Чытаць марудна, па складах. У хаце было цемнавата, і палкоўнік слібізаваў па літарах, не могучы іх звязаць у адно цэлае. Сабаленка. Калі дома быў стары, ён заўсёды першым браўся за пісьмо, надзяваў акуляры і, слаба разбіраючы сынаў почырк, слібізаваў кожнае слова. Васілевіч.

слі́ва, ‑ы, ж.

1. Фруктовае дрэва сямейства ружакветных з пладамі жоўтага або ліловага колеру з костачкай у сярэдзіне. Як толькі згоніць снег, .. [Самабыль] зараз жа выходзіць у свой гародчык, дзе стаіць сліва, ігруша і дзве яблыні, і тут распачынае работу. Колас. Розныя раслі ў .. садзе [пана Кудзілоўскага] дрэвы: яблыні, вішні, слівы, цэлыя зараснікі маліны, агрэсту, парэчак. Хомчанка. / у знач. зб. Сліва ў садзе пасохла.

2. Плод гэтага дрэва. Варыць слівы. З’есці сліву. □ Для каго паспелі слівы? — Для Паўлушы, што за дзіва! Муравейка.

слі́вавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да слівы. Слівавая костачка. // Прыгатаваны са сліў (у 2 знач.). Слівавы джэм. Слівавае варэнне.

слі́вень, сліўня, м.

Род бязногай, падобнай на змяю яшчаркі. Спажывы .. [буслам] было тут шмат: і гадзюкі, і сліўні, і жабы, і розная іншая драбяза вялася. Пальчэўскі.

слі́віна, ‑ы, ж.

Разм. Адзінкавае дрэва, адзін плод слівы.

слівя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Слівавая наліўка або настойка. Упершыню пасля вайны пачынаецца масавы выраб беларускай слівянкі. «Беларусь».