піры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Мінерал жоўтага колеру ў выглядзе зярністых мас з металічным бляскам; серны або жалезны калчадан.
[Ад грэч. pýr — агонь.]
піры́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пірыту.
піры́хій, ‑я, м.
Ненаціскная двухскладовая стапа ямба або харэя ў вершаскладанні.
[Грэч. pyrrhíchios.]
піса́га, ‑і, ДМ ‑сазе, ж. і піса́г, ‑а, м.
Рубец, шрам. Здаецца, нанова пачыналі балець раны і пісагі ад шампалоў і бізуноў. Крапіва. / у перан. ужыв. Паабапал дарогі стаяць высокія хвоі з пісагамі падсочкі. С. Александровіч. На худой рабрыністай спіне выразна выступалі цёмныя старыя рубцы пісагоў. Якімовіч.
піса́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑сацы, Т ‑ай, ж.
Разм.
1. Пагард. Пра пісьменніка (звычайна дрэннага, але пладавітага). А ўвогуле, каб яго воля, .. [Гукан] не дазволіў бы кожнаму пісаку корпацца ў мінулым .. Пішы пра тое, што бачыш вакол сябе. Шамякін. [Генерал] глянуў на мяне неяк здзіўлена — як гэта пісака можа даваць такія практычныя парады? Пестрак.
2. Жарт. Той, хто піша, умее пісаць (у 1 знач.). Часам за стол садзіўся бацька.. і казаў: — Ну, дарэктар, прымай яшчэ аднаго пісаку... С. Александровіч.
пісані́на, ‑ы, ж.
Разм. пагард. Тое, што напісана. Трэба, аднак, узяць у рукі гэтых газетных пісак, якія так недарэчы выступаюць са сваёй пісанінай. Лынькоў. Кастусь не пайшоў бы да Кудрынскага: няёмка ісці на кватэру і боязна паказваць сваю пісаніну. С. Александровіч. Зноў жа такі, седзячы крукам на праўцы чужой пісаніны, нічога свайго не напішаш. Сабаленка.
піса́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пісаць.
2. Разм. пагард. Тое, што напісана, тэкст. З «Жалейкі» чуўся подых рэвалюцыі, з яе чалавек навучыўся разумець: ён мае права на працу і на зямлю... Як жа было не спалохацца Ельскаму, калі ў яго пісаннях прапаведвалася зусім іншае. Лужанін.
3. Разм. Тое, што і свяшчэннае пісанне.
•••
Свяшчэннае пісанне — кнігі Старога і Новага завету.
пі́саны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад пісаць.
2. у знач. прым. Напісаны ад рукі (у адрозненне ад друкаванага). Пісаныя кнігі. // у знач. наз. пі́санае, ‑ага, н. Тэкст, напісаны ад рукі. Па друкаваным разбірае, а па пісаным — з вялікай натугай. Навуменка.
3. у знач. прым. Уст. Размаляваныя якімі‑н. узорамі. Пісаныя дэкарацыі.
•••
Віламі па вадзе пісана — аб чым‑н. мала магчымым.
Закон не пісан гл. закон.
Пісаная прыгажуня гл. прыгажуня.
Пісаны прыгажун гл. прыгажун.
Як па пісаным — гладка, бойка (гаварыць, расказваць і пад.). Затое калі я ўжо блізка знаёміўся з людзьмі, дык тады знаходзіліся і дасціпныя словы, і сур’ёзныя гісторыі, якія магу расказваць, як па пісаным. Сабаленка.
пі́сар, ‑а, м.
1. Канцылярскі служачы, які займаецца перапіскай, складаннем і рэгістрацыяй канцылярскіх папер. Ротны пісар. □ Група байцоў на чале з пісарам Аляксандрам Жыгуновым узяла пад абстрэл тых, што плылі на лодках. Кухараў.
2. Уст. Асоба, якая займалася перапіскай чаго‑н. Каля аднаго століка, дзе сядзеў нейкі пісар ці можа і сакратар, .. збілася цэлая грамада моладзі. Колас. // Разм. жарт. Той, хто піша, хто ўмее пісаць. — Прачытай, што там накрэмзаў, пісар ты мой, — не выцерпеў дзед. Бядуля.