Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

удубе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм.

1. Вельмі азябнуць, замерзнуць; страціць ад холаду рухомасць. Удубелі ногі на холадзе. □ [Люда:] — Рукі — не так, вельмі ж ногі ўдубелі... Яна паказала .. малую, стройную нагу ў нейкім сінім туфліку. Брыль.

2. Прамерзнуць да цвёрдасці. Зямля ўдубела: ні экскаватар, ні бур, тым больш бульдозер не маглі ўспароць, узламаць грунт пад катлаван. Мыслівец. // Зацвярдзець, астыўшы (пра ежу). Бульба ўдубела.

уду́мацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Уважліва абдумаць, асэнсаваць, глыбока ўнікнуць у што‑н. Удумацца ў сэнс слова. □ Вымова тая, калі ўдумацца, патрэбна, як кашаль хваробе. Ермаловіч. А потым, удумаўшыся, Якаў зразумеў, што здзіўляцца і крыўдаваць тут няма чаго. Кулакоўскі.

уду́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм. Надумаць, прыдумаць што‑н. Я паціснуў плячыма: што сталася сёння з жонкаю? — Ты нешта ўдумала сабе? Сачанка. // Уздумаць. [Віктар:] — Толькі не ўдумай яму [кіраўніку] сказаць гэта ў вочы — на ўсё жыццё ворага нажывеш... Савіцкі.

уду́мвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да удумацца.

уду́млівасць, ‑і, ж.

1. Здольнасць глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. У ім [Косцю] угадвалася сур’ёзнасць, удумлівасць — якраз тыя якасці, якія Вера цаніла ў людзях больш за ўсё. Шыцік. Паэт малюе вобраз Міхала з выключнай удумлівасцю, асцярожна і паступова. Навуменка.

2. Разм. Задуменнасць. На бялявым твары [Алесі] застыла ціхая ўдумлівасць чалавека, які сабраўся ў дарогу... Алешка.

уду́млівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны, схільны глыбока мысліць, глыбока ўнікаць у сэнс чаго‑н. Удумлівы пісьменнік. □ Перад маладой паэтэсай былі ўдумлівыя настаўнікі, і яна з ахвотай вучылася ў іх. Ярош. // Які выяўляе такую здольнасць, схільнасць. Удумлівыя вочы. □ Сакратар пачала гаварыць ціхім, удумлівым голасам, набліжаючыся тварам да калгасніцы. Пестрак. Паэт-рэаліст .. [Я. Купала] засяроджваў свой удумлівы позірк на ўсім чыста, што было жыццё. Лойка. // Які характарызуецца глыбінёй асэнсавання чаго‑н. Удумлівае чытанне. Удумлівы падыход. □ Я марыў пра вельмі ўдумлівую пастаноўку «Раскіданага гнязда». «Полымя». У .. [апавяданні] прыкметна выявіліся патэнцыяльныя творчыя магчымасці пачынаючага пісьменніка, яго ўдумлівыя адносіны да рэчаіснасці, да чалавека. Майхровіч.

2. Разм. Задуменны. Чырвонаармейцы ўздымаліся з ложка, таропка апраналіся і сядзелі маўклівыя, удумлівыя. Галавач.

уду́мнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць удумнага.

уду́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і удумлівы (у 1 знач.). Удумныя адносіны Купалы да фальклору .. пачыналіся якраз з пераасэнсавання народна-песенных сюжэтаў і матываў. Лойка. / у паэт. ужыв. З Масквы, з Крамля хадою ўдумнай, Усенароднай, чалавечай, Праз поле, поплавы, буруны Ідзе, таварышы, камуна На свеце шчасце ўвекавечыць! Купала.

уду́шаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад удушыць.

уду́шванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. удушваць — удушыць.