Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

сямія́русны, ‑ая, ‑ае.

У сем ярусаў. Сяміярусная вежа.

сям’я́, і́; мн. се́м’і (з ліч. 2, 3, 4 сям’і́), сяме́й і се́м’яў; ж.

1. Група людзей, якая складаецца з мужа, жонкі, дзяцей і іншых сваякоў, якія жывуць разам. У .. [Міканора] была, па-вясковаму, невялікая сям’я: тры сыны і дачка. Ракітны. За вайну Азаркевіч страціў усю сям’ю. Гурскі.

2. перан.; каго або якая. Група, арганізацыя людзей, аб’яднаных агульнымі інтарэсамі, дзейнасцю, дружбай. З кожным днём расла сям’я будаўнікоў: прыбывалі вялікімі групамі і ў адзіночку хлопцы і дзяўчаты з камсамольскімі пуцёўкамі і з гарачым жаданнем будаваць. Грахоўскі. Гэта быў дзень, калі кожны яшчэ і яшчэ раз адчуў сілу роднага калгаса, адзінства і згуртаванасць дружнай калгаснай сям’і. Краўчанка. Зноў ты будзеш, Беларусь, Квітнець з сям’ёй народаў вольных. Танк.

3. Група жывёл, птушак, якая складаецца з самца, адной або некалькіх самак і дзіцянят, што жывуць разам. І найчасцей сустрэне [Алежка] там ласёў, цэлую іх сям’ю: самца ў гордай кароне рагоў, карову з цялушкай — пасуцца ў драбналессі. Вышынскі. / Пра пчол. Рыгор зазірнуў за імшанік. І тут стаяць два новыя домікі. Не пустыя. Сем’і новыя. Пчол густа-густа. Б. Стральцоў. // Група раслін аднаго віду, якія растуць разам. От .. [малады чалавек] убачыў пры дарозе сям’ю грыбоў. Чорны. Я па лесе іду... Рыжых сосен сям’я Над маёй галавой крылле звесіла. Панчанка. // перан. Сукупнасць аднародных, падобных прадметаў, з’яў. Гара Фазіс. Сівая вершаліна ў сям’і гор Сванетыі. Самуйлёнак.

4. У лінгвістыцы — група роднасных моў. Сям’я славянскіх моў.

сямя́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

У батаніцы — плод некаторых раслін, які мае цвёрдую абалонку. Сямянка сланечніку.

сям-та́м, прысл.

Месцамі, у некаторых месцах. Між верб сям-там блішчаць ракіты. Колас. Замест дубровы толькі гнілыя пні сям-там асталіся. Чарнышэвіч. Сям-там з-пад ігліцы вытыркаюцца купкі зялёнак. Навуменка. [Сёмка:] — Каб не зарабіў сям-там у рыскамі — то ў хаце і капейкі не было б. Гартны.

сяна́ж, сенажу, м.

Падвяленая трава, звычайна прасаваная, якая зберагаецца ў спецыяльных сховішчах. У саўгасе актыўна назапашваюць кармы для жывёлы: рыхтуюць сянаж, сілас, вітамінную муку. «Звязда».

сяна́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сенажу. Сянажная вежа.

сянні́к, сенніка, м.

1. Матрац, набіты сенам ці саломай. Свежым сенам сяннік гаспадыня набіла. Зарыцкі. На .. [нарах] ляжалі адзін каля аднаго сеннікі, напханыя саломай. Пальчэўскі.

2. Абл. Адрына. Да сянец хаты было прыбудавана нешта накшталт сенніка. Сабаленка.

сянны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да сена. Як толькі .. пачнуць прабівацца кволыя ранішнія прамяні, я выбіраюся з цёплага сяннога берлагу. Карамазаў. // Які зроблены з сена. Сянная пацяруха. Сянная мука. Сянны настой. // Прызначаны для сена. Сянны склад. Сянны прэс.

•••

Сянная ліхаманка — хвароба, якая праяўляецца цяжкім ліхаманкавым станам, узнікае ў людзей з павышанай адчувальнасцю ў час цвіцення раслін.

сярба́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Тое, што і сёрбаць. Мікола дачытаў да канца, паглядзеўшы для памяці на нумар старонкі, закрыў кнігу і пачаў сярбаць крупнік. Мележ.

сярдзі́та, прысл.

1. З гневам, злосцю. Стары .. сярдзіта зашыпеў на баб, разагнаў іх усіх у розныя бакі. Шамякін. Сярдзіта апусціўшыся на лаўку, дзядзька зноў разгарнуў газету. Каршукоў. // перан. Страшна, жахліва. Цісне хмара, хмара-цемра, Гром гудзе сярдзіта. Колас. Пад зарывам шастаў сярдзіта Галінамі чорнымі лес. Калачынскі.

2. перан. Разм. Моцна, балюча. Штосьці вострымі малаточкамі сярдзіта стукала па вісках. Якімовіч.