спако́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спакавацца.
2. Зал. да спакоўваць.
спако́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спакаваць.
спаку́са, ‑ы, ж.
1. Тое, што вельмі вабіць чалавека, выклікае неадольнае жаданне, спакушае; цяга да чаго‑н., жаданне ўладаць чым‑н. спакуслівым. Гэта была адзіная слабасць обер-лейтэнанта: добра выпіць і смачна закусіць. Іншых спакус для яго не існавала. Шамякін. Цягне цябе ў краму зайсці, а ты не здаўся на спакусу, прайшоў міма. Пянкрат. І хоць Курыльчык змаркоціўся па дому, але завітаць да сябра спакуса была таксама немалая. Пальчэўскі. // Тое, што мае прыемны выгляд, захапляе прыгажосцю, выклікае апетыт і пад. За чыстым шклом — спакуса павароў І мара гаспадын[ь] клапатлівых — Начышчаныя лысіны сыроў, Наслоенае масла, яйкі, слівы. Панчанка. // Тое, што ўзбуджае інтымнае пачуццё. А ў гурал[ь]кі Позірк палкі, Ўсмешка са спакусаю. Маладая, З плеч спадаюць Два патокі русыя... Барадулін.
2. Схіленне да інтымнай блізкасці; прывабліванне. І самая першая весялуха, зводніца на спакусу была Зіна Гайдук. Грамовіч.
спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.
1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.
2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.
спакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго.
1. Прывабіць (чым‑н. прынадным, прыемным і пад.). У свой час .. [Сяргей] думаў Міхася лодкай спакусіць. Шыцік. Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў. Арабей. // Адыграць ролю спакусы, захапіць. Хлопцаў спакусіла рэчка: яны адразу ж парушылі строй, рвануліся да берага. Якімовіч. А можа цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру? Паслядовіч. Спакусіў Цабенку ячмень, які спатрэбіўся яму для фермы. Шашкоў. // Прывабіць сваёй прыгажосцю; выклікаць сімпатыю да сябе. Але мяне іншае цікавіць. Раскажы, з кім ты меў спатканне. Што за прыгажуня такая спакусіла цябе? Хто яна, саперніца мая? Машара. Можна сказаць, што.. [Тамара] паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам. Шамякін.
2. Падгаварыць, падбіць на што‑н. нядобрае. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго — Барадатага. Лынькоў. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць сн[е]гіроў. Якімовіч.
3. Пяшчотамі, абяцанкамі дабіцца ад жанчыны (дзяўчыны) інтымнай блізкасці. «Магіла льва» — чуллівая гісторыя разбітага кахання асілка — юнага Машэкі да красуні дзяўчыны Наталькі, якую прывабіў і спакусіў пан. Шынклер.
спаку́сліва,
1. Прысл. да спакуслівы.
2. безас. у знач. вык. Пра спакуслівасць, прывабнасць якога‑н. дзеяння, учынку. Было вельмі спакусліва зазірнуць у магчымую будучыню роднай Сонечнай сістэмы. Шыцік.
спаку́слівасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спакуслівага.
спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.
1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.
2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.
3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».
спаку́снік, ‑а, м.
Той, хто спакушае каго‑н. на што‑н. дрэннае; звадыяш. Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Караткевіч. // Той, хто ўступае ў інтымную сувязь, зводзіць жанчын і дзяўчат. Маючы на ўвазе, відавочна, яго колішнюю нясмеласць з Зосяй, аўтар чамусьці схільны лічыць свайго героя хутчэй скромнікам, святошам, чым спакуснікам. Перкін.